Некамэрцыйныя арганізацыі правялі слуханьні
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Elvira Sienkiewicz
                        
                        09.10.2013 18:28
                    
                                 
                
                
                    Абмяркоўваліся папраўкі ў некаторыя законы па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх арганізацый.
                
                
                
                
               
                
                         
 
Пытаньні ўдасканаленьня прававых умоў для дзейнасьці некамерцыйных арганізацый абмяркоўваліся 9 кастрычніка ў Менску на грамадзкіх слуханьнях.
Як адзначыў юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Юрый Чавусаў, ідэя правядзеньня слуханьняў узьнікла пасьля прыняцьця 30 траўня Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні паправак у некаторыя законы па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх арганізацый.
9 ліпеня 25 некамэрцыйных арганізацый зьвярнуліся ў ніжнюю палату парлямэнта з прапановай правесьці парлямэнцкія слуханьні па тэме "Ўдасканаленьне прававых умоў для стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх аб'яднаньняў і іншых некамэрцыйных арганізацый". 29 ліпеня з Палаты прадстаўнікоў быў атрыманы адказ аб немэтазгоднасьці правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў.
Тым ня менш Цэнтар прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый вырашылі ініцыяваць правядзеньне грамадзкіх, альтэрнатыўных парлямэнцкім, слуханьняў, на якія запрашаліся ў тым ліку прадстаўнікі парлямэнту. Аднак у ніжняй палаце парлямэнту лічаць правядзеньне слуханьняў "неактуальным" у сувязі з прыняцьцем законапраекта ў другім чытаньні 2 кастрычніка, удзел жа дэпутатаў у іх — "немэтазгодным".
У аналізе прынятага ў другім чытаньні законапраекту няўрадавыя арганізацыі прыйшлі да высновы, што дакумэнт "прадугледжвае некаторыя тэхнічныя пазытыўныя нормы ў параўнаньні зь дзейным заканадаўствам Беларусі аб грамадзкіх аб'яднаньнях". У той жа час, няўрадавыя арганізацыі мяркуюць, што ў закон  неабходна ўнесьці шэраг зьмянаў.
БелаПАН\эб