На беларускім рынку працы недахоп рук
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Elvira Sienkiewicz
                        
                        02.10.2013 13:54
                    
                                 
                
                
                    Сытуацыя можа пагоршыцца ў сувязі адтокам спэцыялістаў у Расею.
                
                
                    
                         
                     
                
                
                
               
                
                         Такая выснова зробленая на падставе дасьледаваньняў, прысьвечаных сытуацыі на рынку працы Беларусі, праведзеных экспэртамі Дасьледчага цэнтру ІПМ, Беларускага эканамічнага досьледна-адукацыйнага цэнтру і Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі, інфармуе партал naviny.by.
Аўтары дасьледаваньня, грунтуючыся на зьвестах афіцыйнай статыстыкі, адзначаюць, што за 2013-2020 гады насельніцтва ў працаздольным узросьце ў Беларусі можа скараціцца больш чым на 0,5 млн. чалавек. Адпаведна яго доля ў структуры насельніцтва ўпадзе з 60,1 да 55,6%. Прагнозы ААН, гаворыцца ў аналізе, таксама сьведчаць аб будучым скарачэньні колькасьці працаздольнага насельніцтва ў Беларусі. 
Паводле ацэнак адмыслоўцаў, удзел Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы можа каталізаваць працэс адтоку кадраў з краіны.
Каб пазбегнуць адмоўных наступстваў працоўнай міграцыі, неабходна выпрацаваць новыя падыходы да вырашэньня згаданай праблемы. Аўтары дасьледаваньня падкрэсьліваюць: рост заробнай платы павінен суправаджацца адэкватным павышэньнем прадукцыйнасьці працы, што стане магчымым у выпадку павышэньня эфектыўнасьці выкарыстаньня наяўных працоўных рэсурсаў. 
naviny.by/эб