Logo Polskiego Radia
Print

У 2014 годзе стаўку ПДВ павысяць да 22%

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.07.2013 14:36
Апрацоўка зьменаў праходзіла без удзелу прадстаўнікоў беларускага бізнэсу.

Стаўка падатку на дададзеную вартасьць у 2014 годзе можа ўзрасьці з цяперашніх 20% да 22%, а стаўка падатку на прыбытак — зьнізіцца з 18% да 12%. Гэта прадугледжана падрыхтаваным законапраектам аб унясеньні зьменаў у Падатковы кодэкс.

Распрацоўшчыкі законапраекта зазначаюць, што прапанова аб павышэньні стаўкі ПДВ у наступным годзе падрыхтаваная ў межах працы па прыцягненьні ў бюджэт дадатковых паступленьняў.

Паводле ацэнак эканамічных уладаў, перагляд памеру ставак падаткаў будзе мець некалькі наступстваў. У прыватнасьці, улады чакаюць, што ў выніку зьмяншэньня велічыні падатку на прыбытак зьнізіцца падатковая нагрузка на экспартэраў (якія пры экспарце тавараў прымяняюць нулявую стаўку ПДВ). Адначасова з гэтым павышэньне стаўкі ПДВ павялічыць падатковую нагрузку на імпарт, у тым ліку спажывецкі.

Варта зазначыць, што падрыхтоўка законапраекта аб унясеньні зьменаў у Падатковы кодэкс праходзіла без удзелу прадстаўнікоў беларускіх бізнэс-асацыяцый.

ПДВ у Беларусі зьяўляецца адным з галоўных бюджэтастваральных падаткаў. Паводле зьвестак за 2012 год, ПДВ прынёс у кансалідаваны бюджэт 28,8% усіх паступленьняў. Унёсак падатку на прыбытак у сукупныя паступленьні кансалідаванага бюджэту склаў 12,4%

БелаПАН/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт