Logo Polskiego Radia
Print

"Беларусьфільм" здыме плястылінавы мульцік пра Бабруйск

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.07.2013 14:07
Відэафільм "Аповесьць мінулых гадоў-6" - гэта працяг цыкла мультыплікацыйных замалёвак пра беларускую геральдыку.

Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" працуе над стварэньнем гісторыка-пазнавальнага відэафільма "Аповесьць мінулых гадоў-6" - працягу цыкла мультыплікацыйных замалёвак пра беларускую геральдыку. Упершыню за гісторыю праекта адна зь мікрамэтражных карцін здымаецца ў тэхніцы плястылінавай анімацыі.

З дапамогай ліпкага матэрыялу аніматары раскажуць гісторыю Бабруйска. Рэжысэрам карціны стаў выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Руслан Сінкевіч.

Акрамя мультфільма пра Бабруйск у новую сэрыю ўвойдуць мультыплікацыйныя апавяданьні пра Лельчыцы (рэжысэр Ксэнія Мар’янкава), Слуцк (Натальля Касьцючэнка), Пінск (Аляксандар Ленкін), Ліду (Міхаіл Тумеля), Гарадок (Яўген Надтачэй). Цыкл будзе таксама здымацца ў маляванай тэхніцы й тэхніцы камп'ютарнай перакладкі.

Кінапраект "Аповесьць мінулых гадоў" расказвае пра гісторыю ўзьнікненьня гербаў самых старажытных гарадоў. У кожнага зь іх свая легенда, зьвязаная з важнымі гістарычнымі падзеямі й фактамі, а таксама роля ў гісторыі дзяржавы. З 2006 года айчынныя аніматары распавялі старадаўнія паданьні пра больш як дваццаць беларускіх гарадоў. Праца над новымі сэрыямі фільма завершыцца ў 2014 годзе.

БелТА

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт