АБСЭ пра сытуацыю з мэдыя ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
05.06.2013 16:53
Міятавіч вітае гатоўнасць Менску супрацоўнічаць з Офісам прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ.
Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дунья Міятавіч вітае гатоўнасьць беларускіх уладаў узмоцніць дыялёг і супрацоўніцтва зь яе офісам для працы над неабходнымі паляпшэньнямі сытуацыі са СМІ ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міятавіч па выніках трохдзённага візыту ў Менск. Дакумэнт 5 чэрвеня распаўсюдзіла прэс-служба АБСЭ.
Як зазначаецца ў паведамленьні, падчас сустрэч Міятавіч з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў яна заклікала неадкладна спыніць практыку кароткатэрміновых затрыманьняў журналістаў і блёгераў, якія асьвятляюць публічныя падзеі. Міятавіч таксама прывітала спыненьне крымінальных спраў у дачыненьні да журналістаў Андрэя Пачобута і Антона Сурапіна і зноў паўтарыла патрабаваньне спыніць крымінальныя справы і ў дачыненьні да астатніх журналістаў.
"Пакуль хаця б адзін журналіст перасьледуецца судом або запалохваецца за свае крытычныя выказваньні, уся мэдыясупольнасьць адчувае пагрозу, і прысутнічае эфэкт скаванасьці", — заявіла Міятавіч.
У гутарках з прадстаўнікамі ўладаў палітык заявіла, што беларускае заканадаўства ў сфэры СМІ павінна быць лібэралізаванае і рэфармаванае, каб дазволіць СМІ незалежна разьвівацца. Яна таксама настойвала на неабходнасьці прыцягнуць да правядзеньня рэформ і грамадзянскую супольнасьць.
БелаПАН/ эб