Менск ня любіць геяў і лесьбіянак
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.02.2013 12:42
Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі аб'яднаньня «Праваабарончы цэнтар «Лямбда».
Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага маладзёжнага грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы цэнтар «Лямбда».
Пра гэта гаворыцца ў лісьце за подпісам начальніцы ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацый Мінюста Алены Кірычэнкі, паведамляецца ў прэс-рэлізе праваабарончага праекта «ГейБеларусь».
Прычынай для адмовы стаў той факт, што «прадстаўлены статут РМГА «Праваабарончы цэнтр „Лямбда“ не ўтрымлівае палажэньняў, якія сьведчаць пра тое, што статутная дзейнасьць гэтага грамадзкага аб’яднаньня будзе скіравана на забесьпячэньне сацыяльнага станаўленьня і ўсебаковага разьвіцьця моладзі».
Устаноўчы зьезд «Лямбды» прайшоў у Мінску 8 снежня 2012 года.
У апошні час у Беларусі пашырыўся перасьлед ЛГБТ-супольнасьці. Так, цягам апошняга месяца міліцыя некалькі разоў зьдзяйсьняла напады на клюбы ў Менску й Віцебску, дзе праходзілі вечарыны супольнасьці. Міліцыянты паводзілі сябе груба, перапісвалі дадзеныя ўдзельнікаў і здымалі іх на відэакамэру.
БелаПАН/вс