Logo Polskiego Radia
Print

Умовы рэгістрацыі арганізацыяў могуць памяняцца

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.02.2013 12:43
Незарэгістраваныя арганізацыі застаюцца пад крыміналам, - сказаў міністар юстыцыі Беларусі.

/

Умовы рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі могуць зьмяніцца, - паведаміў на сваёй прэс-канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі. Дадзены законапраект ужо падрыхтаваны й перададзены ў Палату прадстаўнікоў.

Паводле міністра, парадак рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у выпадку прыняцьця гэтых паправак і зьменаў будзе спрошчаны. Напрыклад, калі цяпер для правядзеньня арганізацыйнага сходу трэба, каб на ім прысутнічала 50 чалавек ад бальшыні рэгіёнаў, дык у праекце норма пра „бальшыню рэгіёнаў” робіцца ўжо неабавязковаю.

Самай цікавай інавацыяй выглядае магчымасьць пераўтварэньня грамадзкай арганізацыі ў палітычную партыю, чаго дзейнае заканадаўства не прадугледжвае. Усё ж, як патлумачыў Алег Сьліжэўскі, гэта не азначае, што любая мясцовая арганізацыя можа правесьці свой сход і прыняць рашэньне зрабіцца партыяй.

Для таго каб такое сталася, сказаў міністар, трэба, каб гэтае грамадзкае аб’яднаньне адпавядала асноўным патрабаваньням закону „Аб палітычных партыях”. Прынамсі, у ёй павінна быць ня менш за 1000 чальцоў, усе яны павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, усе яны павінны быць паўналетнімі й гэтак далей.

Міністар Сьліжэўскі заявiў таксама, што артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае забарону дзейнасьці ад імя афіцыйна не зарэгістраваных у Беларусі грамадзкіх арганізацый па-ранейшаму знаходзіцца ў Крымінальным кодэксе. Паколькі ён там знаходзіцца, дык ён і дзейнічае, - дадаў міністар юстыцыі.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт