"Справа Аўтуховіча - глупства ад пачатку да канца"
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
09.01.2013 09:50
Заявіў праўнік і абаронца палітычнага вязьня Алег Волчак.
У гадавіну нараджэньня палітычнага зьняволенага Мікалая Аўтуховіча ў офісе партыі БНФ прайшоў «Марафон салідарнасьці» зь ім.
Мікалай Аўтуховіч цяпер адбывае ўжо другі тэрмін у турме. Першы раз ён быў асуджаны 7 ліпеня 2006 года на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з нанясеньнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі.
Ужо тады праваабаронцы не сумняваліся: Мікалая Аўтуховіча асудзілі незаконна. Рэальнай прычынай стала тое, што ён выдатна ведаў ваўкавыскія карупцыйныя схемы, і сам адмаўляўся ў іх удзельнічаць.
Мікалай Аўтуховіч быў адным з шасьці палітвязьняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЭЗ на пачатку 2008 года. Здароўе Аўтуховіча тады было сур'ёзна падарванае сэрыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі. Выйшаўшы на волю, ён заявіў пра намер напісаць кнігу аб карупцыі ў Ваўкавыску. 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі нібыта за захоўваньне зброі.
«Тое, у чым яго вінавацілі, - глупства ад пачатку да канца. Проста недарэчна, маючы бізнес з абаротам мільён даляраў, арганізаваць нейкія партызанскія атрады, невядома навошта», - лічыць Алег Волчак. Адвакат у чарговы раз падкрэсьліў, што ніякага крыміналу ў дзеяньнях Аўтуховіча няма. Суд апраўдаў Аўтуховіча па самых складаных эпізодах яго справы - абвінавачваньні ў тэрарызьме і падпалах. У выніку, суд вымушаны быў прычапіцца толькі да пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, якія захоўваліся ў Аўтуховіча ў зброевым сэйфе.
Удзельнікі «Марафону салідарнасьці» выказалі надзею, што Аўтуховіч выйдзе з турмы раней, чым скончыцца ягоны тэрмін. Разам яны запісалі відэавіншаваньні Аўтуховічу з 50-гозьддзем, якія зьняволены ўбачыць, напэўна, толькі на волі.
charter97.org/эб