Справа супраць арганізатара "Славянскага маршу"
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
07.12.2012 10:29
У Магілёве ў дачыненьні да Дзьмітрыя Дзенісенкі распачаты адміністрацыйны працэс.
Арганізатар "Славянскага маршу" ў Магілёве Дзьмітрый Дзенісенка 6 сьнежня быў выкліканы позвай у Ленінскі РАУС абласнога цэнтра. У дачыненьні да яго распачаты адміністрацыйны працэс.
Нагадаем, 25 лістапада ў Магілёве прайшоў санкцыянаваны ўладамі "Славянскі марш". Супрацоўнікі міліцыі забаранілі ўдзельнікам акцыі выкарыстоўваць чорна-жоўта-белы "імпэрскі сьцяг" — гістарычную сымболіку Расеі. Яна й не выкарыстоўвалася. Ні падчас правядзеньня маршу, ні пасьля яго завяршэньня якіх-небудзь прэтэнзій да арганізатара міліцыянэры не выказвалі.
Як сказаў БелаПАН Дзьмітрый Дзенісенка, ён лічыць, што адміністрацыйнае справаводзтва распачата ў дачыненьні да яго з-за правядзеньня "Славянскага маршу". Разам з тым ён вельмі зьдзіўлены, што пытаньні ў міліцыі да яго ўзьніклі праз паўтара тыдні пасьля акцыі.
"Позву, падпісаную інспэктарам Загорскім, які, дарэчы, сам быў на акцыі, прынесьлі на працу маім бацькам. Я жыву разам зь імі. Ні ў тэлефоннай гутарцы, ні пры ўручэньні позвы не было зразумела растлумачана, у чым непасрэдна складалася парушэньне мною заканадаўства. Я сябе ні ў чым вінаватым не лічу", — сказаў арганізатар "Славянскага маршу".
У позве не ўказваецца, у чым непасрэдна падазраецца актывіст славянафільскага руху. Гаворыцца толькі, што Дзенісенка выклікаецца "ў якасьці асобы, у дачыненьні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс".
7 сьнежня да 15.00 Дзьмітрый Дзенісенка павінен зьявіцца ў Ленінскі РАУС Магілёва.
БелаПАН/ав