Logo Polskiego Radia
Print

"У тумане" лепшая карціна на "Лістападзе"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 10.11.2012 11:37
Сёлета абсалютная большасьць фільмаў на фэстывалі прайшла пры аншлягу.

/


Гран-пры "Золата "Лiстапада" за лепшы фільм прысуджаны карціне "У тумане" рэжысэра Сяргея Лазьніцы, зьнятай паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава. Аб гэтым 9 лістапада на ўрачыстай цырымоніі закрыцця XIX Менскага міжнароднага кінафэстывалю "Лістапад" паведаміў старшыня журы асноўнага конкурсу ігравога кіно рэжысэр Андрэй Зьвягінцаў.

Таксама на цырымоніі закрыцьця ў Малой зале Палаца Рэспублікі былі аб`яўленыя пераможцы ў іншых намінацыях. Прыз прэзыдэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасьць у кіно" атрымаў Аляксандар Карпілоўскі — рэжысэр карціны "Прыватнае піянэрскае" (Расея).

Уручаючы спэцыяльны прыз Менскага гарадзкога выканаўчага камітэта — прыз сымпатый гледачоў ("Бронзу "Лістапада") карціне "Ровар майго бацькі" (Польшча), мэр сталіцы Мікалай Ладуцька адзначыў: "Мне вельмі прыемна паведаміць вам, што сёлета абсалютная большасьць фільмаў прайшла пры аншлягу. У кінатэатрах горада не хапала месцаў для вялікай колькасьці ахвотных убачыць кіно. Я хачу падзякаваць менскаму гледачу за такую цікавасьць да кінамастацтва. Кінафэстываль "Лістапад" становіцца больш эфэктыўным год ад году. Сёлета фільмы ў рамках кінафэстывалю наведала больш чым 30 тысяч чалавек!"

Прыз "За лепшую рэжысуру" атрымаў Васіль Сігараў (фільм "Жыць", Расея). Прыз "За лепшую апэратарскую працу імя Ю.А.Марухіна" дастаўся Аадэлю Нодэх-Фарахані (фільм "Крутая Колка", Латвія). Спэцыяльны прыз журы асноўнага конкурсу ігравога кіно "За бліскучае адкрыцьцё новага вымярэньня ў жанры камэдыі" атрымаў фільм "Апавяданьні" Міхаіла Сягала (Расея).

Прыз "Серабро "Лістапада" ў намінацыі "Фільм як зьява мастацтва" атрымала карціна "За пагоркамі" Крысьціяна Мунджу (Румынія, Францыя, Бэльгія).

Гран-пры "За лепшы дакумэнтальны фільм" атрымала карціна "Вёска без жанчын" (Сэрбія). Спэцыяльны прыз журы конкурсу дакумэнтальнага кіно дастаўся фільму Outro Юліі Панасенкі (Расея).

Прыз "За лепшую жаночую ролю" рашэньнем міжнароднага журы быў прысуджаны Яне Траянавай і Вользе Лапшыной (фільм "Жыць"). Прыз "За лепшую мужчынскую ролю" атрымаў Міхаіл Месхі (фільм "Апякун" Зазы Урушадзэ, Грузія). Спэцыяльны дыплём журы "За актуальнасьць тэмы й дакладнасьць кінамовы" прысудзілі фільму "Пасьля Лусіі" Мічэля Франка (Мэксыка).

БелаПАН/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт