Познаньскія козьлікі (ФОТА, ВІДЭА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
25.10.2013 20:09
Цікавінка Познані: гадзіньнікавы мэханізм на вежы старой ратушы з козьлікамі.
foto: wikipedia
А сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” накіруемся ў заходнепольскі горад Познань. Там, на галоўнай плошчы Старога гораду, якая называецца Рынкам, бо ў старыя часы ў цэнтры кожнага гораду й быў рынак, - роўна апоўдні зьбіраюцца турысты й пазіраюць увышыню. Калі куранты праб’юць поўдзень, на вежы гарадзкой ратушы адчыняюцца свайго роду весьнічкі й зь іх павольна высоўваюцца дзьве постаці козьлікаў. Гэта вядомыя ў Польшчы Познаньскія козьлікі. Шоў, так бы мовіць, працягваецца некалькі хвілін: мэханічныя козьлікі бадаюцца, падскокваюць, а пазьней зноўку хаваюцца за весьнічкамі.
Гісторыя Познаньскіх козьлікаў сягае 1551 года, калі на вежы ратушы быў устаноўлены гадзіньнік. Тады ж зьявіліся й першыя козьлікі. У 1675 годзе маланка ўдарыла па вежы, зьнішчыўшы гадзіньнік, козьлікаў ды іх мэханізм. Вежу аднавілі ў 1690 годзе, тады ж паставілі новы гадзіньнік і козьлікаў. І хоць мэханізм, які прыводзіць жывёлін у рух, мяняўся ня раз, то мэталічныя выявы козьлікаў засталіся такімі ж з 1690 года.
Дарэчы, у мінулым годзе, калі ў Польшчы праходзіў Чэмпіянат Эўропы па футболе, улады Познані вырашылі прыпаднесьці сюрпрыз балельшчыкам камандаў, якія гулялі ў горадзе. Так, 10 чэрвеня праходзіў матч паміж Ірляндыяй і Харватыяй, і роўна апоўдні з-за весьнічак на вежы зьявіліся козьлікі, апранутыя ў накідкі з нацыянальнымі колерамі гэтых краін.
А вось легенда пра Познаньскіх козьлікаў: калі ў горадзе пабудавалі Ратуш, улады Познані арганізавалі для месьцічаў пачастунак. Над агнём пяклася казуля, але з-за неўвагі кухара мяса ўпала й яго трэба было выкінуць. Кухар выслаў свайго памочніка да мясьнікоў па новую порцыю мяса, але хлопец нічога не знайшоў. І вось, вяртаючыся ў горад, ён убачыў двух козьлікаў, якія пасьвіліся на лузе. Ён забраў іх на познаньскі Рынак. Але жвавыя козьлікі зразумелі, што іх чакае, і вырваліся з рук кухара ды па сходах забеглі ажно на сам верх вежы, дзе пачалі бадацца. І тут зьявіўся ваявода. Яго так рассьмяшылі два маленькія козьлікі ўверсе, што ён выбачыў кухару, што гараджане засталіся бяз мяса, а майстру па гадзіньніках загадаў зрабіць двух козьлікаў ды спалучыць з гадзіньнікавым мэханізмам. І вось так пачалася гісторыя Познаньскіх козьлікаў.
Валеры Саўко