Казімір Малевіч, стваральнік “Чорнага квадрату” й іншых карцін, якія сёньня каштуюць мільёны даляраў, нарадзіўся ў Кіеве ў 1878 годзе. На гэтай падставе ўкраінцы называюць яго “сваім”. На імя Малевіча прэтэндуюць расейцы, бо жыў на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, і палякі, бо бацькі, паводле афіцыйнай вэрсіі, былі палякамі.
Даведнікі паведамляюць і тое, што паводле некаторых зьвестках Малевіч нарадзіўся ў Беларусі – на Капыльшчыне.
Дасьледчык Аляксей Кульбіцкі, спасылаючыся на сваякоў Казіміра Малевіча, называе мастака беларусам і падтрымлівае менавіта гэтую вэрсію.
Аляксей Кульбіцкі: Дакладных зьвестак пра тое, што ён нарадзіўся ў Беларусі, няма. Але я размаўляў зь яго пляменьнікам, Ігарам Малевічам, які зараз зьяўляецца прафэсарам Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя, і ён сказаў мне, што мае пэўныя зьвесткі, што Казімір Малевіч паходзіць з Капыльскага раёна. Яго бацька за ўдзел у нейкіх антыдзяржаўных кампаніях быў вымушаны з нашай краіны пераехаць ва Ўкраіну. І вымушаны быў перапісаць месца нараджэньня свайго сына, бо хацеў для яго шчасьлівай будучыні.
У 20-я гады 20-га стагодзьдзя Казімір Малевіч працаваў у Віцебску. Складана паверыць, але на той час паўночны беларускі горад быў адным з эўрапейскіх цэнтраў прагрэсіўнага мастацтва. Тут пісалі работы выбітныя Марк Шагал і Казімір Малевіч. Геніі нават канкуравалі паміж сабою, распавядае Аляксей Кульбіцкі.
Аляксей Кульбіцкі: У 20-я гады ён у Віцебску выкладаў у адной школе з Шагалам. Пасьля, калі Шагал па нейкіх справах зьехаў у Санкт-Пецярбург, Казімір Малевіч падбухторыў вучняў Шагала, і яны перайшлі на яго бок – на бог супрэматызму. Скажам так, захапляліся больш тымі ідэямі й той філясофіяй, якую прапанаваў ім Казімір Малевіч. Шагал, пакрыўдзіўшыся на Казіміра Малевіча, зьехаў у Парыж. Менавіта з-за крыўды на Малевіча.
Дасьледчык Аляксей Кульбіцкі падкрэсьлівае, што менавіта ў горадзе на Дзьвіне здарыўся самы эфэктыўны пэрыяд творчай біяграфіі Казіміра Малевіча.
Тут жа мастак пісаў карціны з выявамі беларускіх сялян. Цікава, што ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя праблема была адзін у адзін, як сёньня: людзі рэдка імкнуліся паказаць сваё аблічча й выказаць адрозны пункт гледжаньня. І супраць гэтага мастак выступаў.
Аляксей Кульбіцкі: Таксама нам вядомы партрэты беларускіх сялян, віцяблян: намалявана шмат-шмат людзей бяз твараў. Гэтым Малевіч хацеў паказаць, што людзі былі ў большасьці сваёй біямасай, не адрозьніваліся адно ад аднаго. Ён з гэтым увесь час спрачаўся, ваяваў, каб людзі, скажам так, сваю думку мелі.
Самым вядомым творам Казіміра Малевіча зьяўляецца «Чорны квадрат», напісаны ў 1915 годзе. Ва ўсе часы аўдыторыя спрачалася, ці мае карціна мастацкую вартасьць, якую ёй надаюць. Аляксей Кульбіцкі тлумачыць, што «Чорны квадрат» выйшаў за межы аднаго мастацтва й адыграў ролю ў сусьветнай філясофіі й навуцы.
Аляксей Кульбіцкі: Некаторыя нашы сучасьнікі ставяцца да творчасьці Малевіча зь іроніяй: “Я так таксама змагу зрабіць”. І яны забываюцца пра тое, што “Чорны квадрат” і іншыя супрэматычныя карціны стаяць на падмурку вялікай філясофіі. Яе Казімір Малевіч ня выдаў пры жыцьці, але яна захавалася ў яго дзёньніках. Да прыкладу, наконт “Чорнага квадрату” ён напісаў: “Большасьць мастакоў спрабуюць сысьці з рэчаіснасьці на нуль. А я ня спаў і ня еў, пакуль тыдзень маляваў “Чорны квадрат”, і я сышоў у мінус, прыдумаў новую рэчаіснасьць”.
Аляксей Кульбіцкі лічыць, што чорны квадрат – гэта ідэя, што стала ключавой у стварэньні тэорыі піксэляў. І, магчыма, без Малевіча мы б сёньня ня мелі, напрыклад, лічбавых фотаапаратаў.
Аляксей Кульбіцкі: Існуе такая думка, што Казімір Малевіч стаў папярэднікам Піксэля. Ён прыдумаў новую рэчаіснасьць – віртуальную. Яна скадаецца з квадрацікаў – піксэляў. Усё, што мы захоўваем у кампутары, складаецца з маленькіх чорных квадрацікаў. Піксэль у выключаным стане – гэта й ёсьць чорны квадрат.
Яшчэ пры жыцьці Казімір Малевіч выстаўляўся ў Бэрліне й Вене. Мастака абагаўлялі ў Заходняй Эўропе. А ў Савецкім Саюзе яго зрабілі вязьнем, за кожным крокам якога да апошніх дзён 1935 году сачыла НКУС.
Аляксей Кульбіцкі: Малевіча пры жыцьці вельмі папракалі, што яго творчасьць падабалася многім нацыстам. Перад вайною ён меў выставу ў Бэрліне, на ёй было шмат твораў супрэматычнага характару. За гэты яго гнабілі на Радзіме. Мы ведаем, як скончыў Казімір Малевіч. Ён быў звычайным вартаўніком музэя ў Пецярбургу. Памёр ён у бядноце, хавала яго літаральна некалькі сяброў.
Аляксандар Парошын, Менск