Майка - не, чэмпіянат - так 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        21.01.2012 09:57
                    
                                 
                
                    
                
                
                    Аляксандра Лукашэнку пазбавілі хакейнай славы.
                
                
                    
                         Aleksander Łukaszenka
Aleksander Łukaszenka
                     
                
                
                
               
                
                         
  У славутай канадзкай Залі хакейнай славы зь ліку экспанатаў прыбралі хакейную майку Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўніцтва музэю, што месьціцца ў канадзкім горадзе Таронта, неадкладна адрэгавала на зварот беларускіх і замежных грамадзкіх дзеячоў.
Яшчэ ў лістападзе група вядомых асобаў, сярод якіх былі першы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, знакаміты драматург Том Стопард, летувіскі баскэтбаліст Шарунас Марчулёніс і прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных арганізацый, накіравалі заяву ў музэй з патрабаваньнем “пазбавіцца ад Лукашэнкі”.
“Мы заклікаем усіх людзей добрай волі далучыцца да нашай ініцыятывы й спыніць палітычныя маніпуляцыі спортам, у прыватнасьці, хакеем, на тэме якога спэкулюе Лукашэнка — чалавек, які ўзурпаваў уладу, фальсыфікуючы вынікі выбараў, і гвалтам зьнішчыў сваіх палітычных праціўнікаў”, - пісалі аўтары звароту. Паводле падпісантаў, Лукашэнка дыскрэдытуе спорт.
Майка гульца №1 вісела на сьценцы найславуцейшай Залі хакею ў сьвеце болей як дзесяць год. Сымбалічна, што музэй прыбраў гэты экспанат напярэдадні заплянаванага ў Беларусі Чэмпіянату сьвету па хакеі, супраць правядзеньня якога цяпер выступаюць многія.
Арцём Багданаў, Менск/аз