Новы закон пазбавіць працы юрыстаў-гаспадарнікаў?
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.01.2012 14:58
Падпісаны Закон “Пра адвакатуру й адвакацкую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь” пагражае спэцыялістам у гаспадарчым праве беспрацоўем.
Падпісаны Закон “Пра адвакатуру й адвакацкую дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь” пагражае спэцыялістам у гаспадарчым праве беспрацоўем, а юрыдычным фірмам – банкруцтвам.
Паводле новага закону, юрыстам, што валодаюць адпаведнай ліцэнзіяй, забаронена прадстаўляць інтарэсы кліентаў у гаспадарчых судах. Цяпер такімі паўнамоцтвамі валодаюць выключна адвакаты й супрацоўнікі юрыдычных асобаў. Паводле апошняй статыстыкі, юрысты-гаспадарнікі абслугоўвалі ў 12 разоў больш працэсаў, чым адвакаты. Юрысты-гаспадарнікі маюць значна больш перавагаў для кліентаў у параўнаньні зь іх калегамі-адвакатамі – па-першае, да паслугаў юрыстаў можна зьвярнуцца праз шматлікія юрыдычныя фірмы, а ня толькі праз дзяржаўныя калегіі, як тое адбываецца з найманьнем адвакатаў. Нагадаем, інстытут прыватных адвакатаў у Беларусі даўно скасаваны. Па-другое, кошты паслугаў юрыстаў больш прымальныя, чым расцэнкі адвакатаў, якія вымушаны аддаваць 40% у калегію. Па-трэцяе, юрысты-гаспадарнікі ўнушаюць больш даверу ў справе якасьці паслугаў. Відавочна, што юрысты, якія займаюцца выключна гаспадарчым правам, у гэтай сфэры больш кампэтэнтныя за сваіх калегаў, якія павінны валодаць крымінальным, адміністрацыйным, канстытуцыйным і іншымі галінамі права адначасова.
Экспэрты падлічылі першыя страты ад прынятага закона – як мінімум, 1300 юрыстаў, што валодаюць ліцэнзіяй, пазбаўляюцца сваёй асноўнай працы. Ня выключана, што ва ўмовах манаполіі адвакатаў на ўдзел у гаспадарчых працэсах кліенты пачнуць самастойна прадстаўляць свае інтарэсы ў судах, папярэдне кансультуючыся зь юрыстамі-гаспадарнікамі. Такое закон пакуль не забараняе.
Арцём Багданаў, Менск