Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь выпусьціць марку ў гонар Станіслава Манюшкі

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 28.04.2019 12:04
4 траўня ў Беларусі зьявіцца новая паштовая марка «200 гадоў з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі».
Беларуская марка, прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня Станіслава МанюшкіБеларуская марка, прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня Станіслава МанюшкіФота: Belpost.by

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі 4 траўня выпусьціць у абарачэньне паштовую марку «200 гадоў з дня нараджэньня Станіслава Манюшкі». 5 траўня споўніцца 200 гадоў, як у Убелі, у цяперашнім Чэрвеньскім раёне Беларусі, прыйшоў на сьвет будучы польскі кампазытар.

Станіслаў Манюшка жыў і працаваў у Менску, Вільні, Варшаве. У Варшаве ён правёў апошнія гады жыцьця, працаваў у Вялікім тэатры, быў прызнаны айцом польскай нацыянальнай опэры. 2019-ы ў Польшчы аб'яўлены Годам Манюшкі.

Раней, у Менску, на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча разам з кампазытарам Канстанты Кшыжаноўскім Манюшка напісаў і паставіў некалькі музычных твораў, у т. л. у 1852 годзе опэру «Ідылія», у якой гучала і польская, і беларуская мова. Беларускія музыказнаўцы лічаць гэты твор першай беларускай опэрай, дзякуючы выкарыстаньню ў лібрэта беларускай мовы.

У Менску, Вільні, Варшаве ўстаноўлены помнікі кампазытару, яго імя ўвекавечана ў мэмарыяльных дошках на будынках, дзе жыў Манюшка.

Новая беларуская марка мае намінал M, што дазваляе наклейваць яе на канвэрты для міжнароднай карэспандэнцыі.

Дызайн маркі распрацавала Алена Мядзьведзь. Яе тыраж 49 тысяч экз.

У дзень выпуску маркі ў абарачэньне ў менскім аддзяленьні паштовай сувязі № 1 (крама «Філятэлія») на вул. Маскоўскай, 16 пройдзе яе спэцыяльнае гашэньне на канвэрце «Першы дзень».

Belpost.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт