Праваслаўныя і грэка-католікі сьвяткуюць Вялікдзень
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Viktar Korbut
                        
                        28.04.2019 11:01
                    
                                 
                
                
                    У Польшчы праваслаўныя кампактна пражываюць у Падляскім ваяводзтве, многія зь іх беларусы.
                
                
                    
                         Велікоднае богаслужэньне ў грэка-каталіцкім саборы ў ПшэмысьліФота: PAP/Darek Delmanowicz
Велікоднае богаслужэньне ў грэка-каталіцкім саборы ў ПшэмысьліФота: PAP/Darek Delmanowicz
                     
                
                
                
               
                
                         Хрэсны ход вакол храма і звон званоў апоўначы абвясьцілі аб пачатку сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага ў праваслаўнай, а таксама грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве.
У Польшчы праваслаўныя кампактна пражываюць у Падляскім, Люблінскім ваяводзтвах, грэка-католікі на паўднёва-ўсходніх тэрыторыях, многія зь іх зьяўляюцца беларусамі, украінцамі.
Вялікая праваслаўная абшчына знаходзіцца ў Варшаве. Тут некалькі праваслаўных храмаў, у т.л. сабор сьвятой Марыі Магдаліны, дзе праходзяць галоўныя ўрачыстасьці Вялікадня.
У сталіцы Польшчы знаходзіцца таксама галоўны грэка-каталіцкі сабор Польшчы.
Сьвяшчэньнікі сымбалічна адчынілі дзьверы храма крыжам, урачыста абвясьціўшы: «Хрыстос уваскрэс — сапраўды ўваскрэс!». Пазьней вернікі прынялі ўдзел у велікодных ютрані і літургіі.
Пасьля набажэнстваў праваслаўныя селі пры велікодным сьняданьні, якое пачынаецца са спажываньня яек і ежы, асьвячоных у Вялікую суботу. На стале пераважаюць мясныя і малочныя прадукты, бо ад іх спажываньня многія вернікі ўстрымліваліся на працягу 40-дзённага посту, які папярэднічаў Вялікадню.
Вялікдзень для адзінокіх арганізавала Брацтва сьвятога Мікалая ў Беластоку. Сьвята пачалося а 12.00 у Цэнтры праваслаўнай культуры на вул. Сьвятога Мікалая, 3.
У першы дзень Вялікадня ў цэрквах ў другой палове дня адпраўляецца велікоднае богаслужэньне — Вялікая вячэрня. У саборы сьвятога Мікалая ў Беластоку богаслужэньне пачалося а 14:00. Яго ўзначаліў архіепіскап Беластоцка-Гданьскі Якаў.
Уваскрэсеньне Гасподняе называюць сьвятам сьвят, яно зьяўляецца самай важнай падзеяй у літургічным годзе праваслаўнай царквы. Велікодны пэрыяд доўжыцца 40 дзён да сьвята Ўзьнясеньня Гасподняга.
IAR/вк