Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Польска-беларускія літаратурныя і моўныя сувязі» адбылася 29-30 сакавіка на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Гэта адна з буйнейшых беларусазнаўчых канфэрэнцый ня толькі ў Польшчы, але і ўва ўсім ЭЗ.
Канфэрэнцыю адкрылі адразу тры кіраўнікі катэдры беларусістыкі: былыя — Эльжбета Смулкова і Ніна Баршчэўская і цяперашняя в.а. кіраўніка — Вольга Трацяк.
Вольга Трацяк ва ўступным слове перш за ўсё прывітала сваіх папярэдніц на пасадзе кіраўніка катэдры беларусістыкі.
Вольга Трацяк: Гэта канфэрэнцыя і пытаньні, якія на ёй абмяркоўваюцца, сьведчыць, што польска-беларускія моўныя і літаратурныя сувязі па-ранейшаму цікавяць вучоных розных дысцыплін. Супольная гісторыя, суседзтва моў натхняюць дасьледчыкаў, каб шукаць і адкрываць новыя тэмы і па-новаму паглядзець на ўжо вывучаныя праблемы.
Вольга Трацяк і Эльжбета Смулкова. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Папярэдні кіраўнік катэдры беларусістыкі Ніна Баршчэўская прывітала Эльжбету Смулкову і напомніла гісторыю ўзьнікненьня і дзейнасьці катэдры ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Ніна Баршчэўская: Дзякуючы спадарыні прафэсару Антаніне Абрэмбскай-Яблоньскай і прысутнай тут спадарыні прафэсару Эльжбеце Смулковай мы маем прыемнасьць сустракацца на катэдры беларусістыкі. Польска-беларуская праблематыка карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Калісьці мы са спадаром прафэсарам Міхалам Саевічам спрабавалі падлічыць, колькі ўжо адбылося канфэрэнцый на гэту тэму, але зьбіліся зь ліку. Бо і ў Беластоку, і ў Любліне, і ў Менску арганізуюць канфэрэнцыі на гэту тэму. Гэта сьведчыць, з аднаго боку, пра тое, што цікавасьць да гэтай праблематыкі расьце. А з другога боку, увесь час застаецца многа праблем, вартых вывучэньня. Мы ўвесь час адкрываем штосьці новае ў польска-беларускіх сувязях. І хацелася б пажадаць, каб польска-беларускія сувязі можнао было і надалей дасьледаваць і нешта новае ўносіць у навуковы дыскурс.
Эльжбета Смулкова прадставіла выданьне перапіскі паміж заснавальніцай катэдры беларусістыкі Антанінай Абрэмбскай-Яблоньскай і вядомым польскім мовазнаўцам Казімежам Нітшам — „Korespondencja Kazimierza Nitscha i Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej w latach 1925–1958”. Эльжбета Смулкова зьяўляецца адным з укладальнікаў кніг. Два тамы склалі лісты за 1925-1958 гады, сярод якіх ёсьць шмат зьвестак пра беларускую мову і гісторыю катэдры беларусістыкі.
Эльжбета Смулкова: Антаніна Абрэмбская-Яблоньская зьяўляецца стваральнікам варшаўскай русістыкі. Ня толькі беларусістыкі. Пры катэдры славістыкі ўзьнікла сэкцыя русістыкі, адным з арганізатараў якой і кіраўніком — да прыезду прафэсара Міровіча — у 1950-1952 гг. была Антаніна Абрэмбская-Яблоньская. Адначасова Антаніна Абрэмбская-Яблоньская рыхтавала ў беларускай лябараторыі Польска-савецкага інстытута групу маладых людзей, сярод іх і мяне. Паглядзіце на мяне, старога чалавека, і ўявіце, што я была маладая! Мяне ў гэту групу запрасілі. І Антаніна Абрэмбская-Яблоньская рыхтавала нас да дасьледаваньня беларускіх гаворак усходняй Беласточчыны з мэтай складаньня атляса, які, як вы ведаеце, потым убачыў сьвет у некалькіх тамах. Першыя сустрэчы нашай групы адбываліся яшчэ да ўзьнікненьня катэдры беларускай філялёгіі і былі вельмі цікавыя. Катэдра ўзьнікла ў 1956 г. і на ёй адбывалася ня толькі стацыянарнае навучаньне, але і завочнае — для выпускнікоў настаўніцкіх курсаў, пры ўдзеле выкладчыкаў зь Беларусі. Вельмі шмат матэрыялу на тэму ўзьнікненьня катэдры і яе раньняга пэрыяду дзейнасьці мы знаходзім у перапісцы Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай зь беларускімі лінгвістамі. А таксама, напрыклад, паэт Уладзімер Дубоўка зьвяртаўся да Абрэмбскай-Яблоньскай, зьвярталіся і іншыя асобы.
Мірослаў Янковяк і Алена Лянкевіч. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Былы супрацоўнік катэдры беларусістыкі ВУ, а цяпер супрацоўнік Чэскай акадэміі навук Мірослаў Янковяк расказаў пра асаблівасьці беларускай мовы ў ваколіцах Вільні, у прыватнасьці, пра ўплыў на беларускую мову польскай і расейскай. Дасьледчык адзначыў, што пад Вільняй скрыжоўваюцца паўднёва-заходнія і паўночна-ўсходнія беларускія гаворкі. Прычым у першых больш палянізмаў, а ў другіх, у раёне Швянчоніса (Сьвянцян) і Ігналіны, — русізмаў. Але ўвогуле, адзначае М. Янковяк, узьнікае рад цяжкасьцей пры аднясеньні таго ці іншага слова да палянізма або русізма.
Мірослаў Янковяк: Калі прыняць, што беларускае слова «спадніца» не зьяўляецца палянізмам (spódnica), то ў такім выпадку складана гаварыць пра тое, што слова «дзярэўня» зьяўляецца русізмам (деревня). Розьніца паміж слоўнікавым складам мовы залежыць таксама ад веравызаньня носьбітаў. Нашмат больш палянізмаў у мове католікаў. Палянізацыйнымі фактарамі былі: пашырэньне польскай мовы з другой паловы ХІХ ст., пра што пісала Халіна Турска, дзяржаўная прыналежнасьць да міжваеннай Рэспублікі Польшча — польская адміністрацыя, школы, СМІ, — якраз у той час і быў зроблены наймацнейшы ўплыў ня толькі на мову, але і на сьвядомасьць людзей. Мае праваслаўныя рэспандэнты гаварылі, што зьяўляюцца беларусамі. 90% католікаў адказалі, што зьяўляюцца палякамі. Аднак не заўсёды моўная прыналежнасьць супадае з нацыянальнай ідэнтычнасьцю. У наш час на беларускамоўных людзей моцна ўплывае польская школа. Увогуле, пасьля 1990 года ў Літве вырас прэстыж польскай мовы.
Выданьні катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Сярод дакладаў, якія прагучалі на канфэрэнцыі «Польска-беларускія літаратурныя і моўныя сувязі», варта адзначыць наступныя:
рэфэрат Юрыя Маліцкага зь Менска, які тэматычна зьвязаны з выступленьнем Мірослава Янковяка і тлумачыць асаблівасьці функцыянаваньня палянізмаў у беларускай мове;
інфармацыю Алены Лянкевіч зь Менску пра праблему сацыяльнага статусу і прэстыжу беларускай мовы ў даваеннай Польшчы (Заходняй Беларусі), што павінна стаць прадметам доктарскай дысэртацыі дасьледчыцы;
Ніна Баршчэўская разгледзела погляды беларускіх эмігрантаў на Захадзе на статус старабеларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім;
выкладчыца катэдры беларусістыкі ВУ Анна Сівірска паведаміла пра вынікі сацыялінгвістычнага дасьледаваньня, якое яна правяла сярод карыстальнікаў байнэта: вучоная спрабавала высьветліць, якой форме беларускай літаратурнай мовы — “наркамаўцы” або “тарашкевіцы” — аддаюць перавагу ў сацсетках маладыя беларускамоўныя беларусы;
прафэсар ВУ Мікалай Хаўстовіч паведаміў пра лёс паэта Ялегі Пранціша Вуля — Элегі Францішка Карафа-Корбута, які, як высьветлілася, пасьля паўстаньня 1863-1864 гг. не загінуў у ссылцы ў Сібіры, а дажыў свой век у Варшаве і пахаваны ў Варшаве на могілках на Павонзках, пра што, у сваю чаргу, стала вядома ад сучаснага паэта Антона Францішка Брыля. Ялегі Пранціша Вуля М. Хаўстовіч лічыць адным з імаверных аўтараў славутай паэмы “Тарас на Парнасе”;
прафэсар ВУ Вячаслаў Швед расказаў аб працы заснавальніка беларусазнаўства Яўхіма Карскага ў Варшаве, дзе той пэўны час узначальваў ВУ;
Вольга Палунчанка з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі паведаміла пра гісторыю бібліятэк Нясьвіжа ў XVIII ст.;
Інэса Кур’ян зь Менска прапанавала новыя падыходы да аналізу паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды»;
Вераніка Бандаровіч зь Менска падзялілася ведамі пра творчасьці Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча;
Віктар Корбут з катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ВУ паведаміў пра падыходы беларускіх публіцыстаў пачатку ХХ ст. да інтэрпрэтацыі гісторыі Вільні і яе месца ў гісторыі Беларусі і Літвы.
Прагучалі і іншыя даклады — усяго каля 40, некаторыя зь якіх убачаць сьвет у выданьні катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта «Acta Albaruthenica».
Віктар Корбут
слухайце гукавы файл