Logo Polskiego Radia
Print

Андрэй Масквін: Вайна паўсюль — і ў тэатры, і на вуліцы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 28.03.2019 10:02
  • 0328 Варшаўскі мост. А. Масквін - вайна і тэатар.mp3
Як тэматыка вайны адлюстроўваецца драматургамі і рэжысэрамі ў Беларусі і Польшчы.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com

Выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэта, беларусазнавец, паляніст Андрэй Масквін уклаў і выдаў два зборнікі пра тэматыку вайны ў сучасным тэатры Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у т.л. Беларусі і Польшчы. Гэта матэрыялы навуковай канфэрэнцыі, якая адбылася ў 2017 годзе і была прысьвечана вайне, гвалту і бежанцам: Współczesny dramat i teatr wobec wojny, przemocy i uchodźstwa, t. 1, 2, Warszawa 2018.

Зборнік
Зборнік матэрыялаў навуковай канфэрэнцыі Współczesny dramat i teatr wobec wojny, przemocy i uchodźstwa (Варшава, 2018)

Сёлета споўніцца 80 год з пачатку Другой сусьветнай вайны. Гэта вайна, што пачалася з нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу, — у мінулым, але насільле ў чалавечых адносінах, гвалт у міждзяржаўных кантактах ня зьніклі. І гэта тэма хвалюе ўсіх, у тым ліку адлюстроўваецца на тэатральных падмостках.

Андрэй Масквін: У сучасным тэатры гаворыцца пра гвалт, бежанцаў, што стала актуальна пасьля 2015 года, калі Эўропу заліла хваля бежанцаў. Гэта адлюстравана ў творчасьці польскіх рэжысэраў Паўла Лысака, Казімежа Дэймэка, Радослава Рыхціка.

Андрэй
Андрэй Масквін

Пік пастановак на сцэне п’ес на ваенную тэматыку ў Беларусі прыпаў на 2015 год — 70-годзьдзе заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі напісалі цікавыя п’есы на гэту тэму. Клясыкай жанру застаюцца творы Сьвятланы Алексіевіч. Для маладых цяпер вайна — гэта абстракцыя, якая вядома з кніг і фільмаў.

Андрэй Масквін: У польскім тэатры часьцей за ўсё ў сувязі з падзеямі Другой сусьветнай вайны адлюстроўваецца праблема ўзаемаадносін палякаў і габрэяў падчас нацысцкай акупацыі. У Кельцэ, напрыклад, быў пастаўлены спэктакль пра габрэйскія пагромы ў гэтым горадзе падчас нацысцкай акупацыі. Гэта актуальная тэма, бо яшчэ жывыя людзі, якія памятаюць тыя падзеі.

Вайна працінае наскрозь усё жыцьцё чалавецтва, што адлюстроўваецца ў сучаснай драматургіі ў розных краінах. У сучасных п’есах адлюстроўваецца тэма “вайны” ў межах адной сям’і, паміж бацькамі і дзецьмі, паміж людзьмі ў адной прасторы, у адным горадзе. Існуюць розныя формы “вайны”, агрэсіі паміж людзьмі, якія разбураюць іх жыцьцё. Дзеці паўтараюць тое, што бачаць у тэлевізары, у камп’ютарных гульнях. Людзі капіруюць, паўтараюць тую агрэсію, якую бачаць у жыцьці ці віртуальнай прасторы.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт