Пытаньне амэрыканскіх базаў у Польшчы будзе вырашанае неўзабаве
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.02.2019 09:07
„Неўзабаве па гэтай справе будуць прыняты першыя канкрэтныя рашэньні”, - сказаў Анджэй Дуда.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дудa й віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.PAP/Paweł Supernak
Супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі было адной з галоўных тэмаў размовы прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды й віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса ў Варшаве.
Пасьля яе заканчэньня кіраўнік Польшчы паведаміў, што ў бліжэйшы час можна чакаць рашэньня аб павелічэньні ваеннай прысутнасьці ЗША ў Польшчы. Анджэй Дуда не ўдакладніў аднак, ці гаворка ідзе пра стварэньне пастаяннай базы ЗША ў Польшчы.
„Спадзяюся, што нашыя сумесныя намаганьні па павелічэньні прысутнасьці арміі ЗША ў Польшчы прынясуць вынікі. Неўзабаве па гэтай справе будуць прыняты першыя канкрэтныя рашэньні”, - сказаў Дуда.
Нагадаем, Польшча ўжо некалькі месяцаў змагаецца за стварэньне на сваёй тэрыторыі пастаяннай базы амэрыканскіх войскаў.
Іншай тэмай сустрэчы Анджэя Дуды з Майкам Пэнсам было энэргетычнае супрацоўніцтва.
„Мы ўжо падпісалі шэраг кантрактаў на пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ў наш тэрмінал у Сьвінауйсьці. На дадзены момант мы працуем над павелічэньнем магчымасьцяў гэтага тэрмінала”, - пераконваў польскі прэзыдэнт. Ён дадаў, што ў сувязі з гэтым плянуюцца чарговыя інвэстыцыі.
Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытаньні дзелавога супрацоўніцтва паміж Польшчай і ЗША.
У сваю чаргу віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс сказаў, што адносіны паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі й Польшчай наймацнейшыя ў гісторыі.
„Польшча й Злучаныя Штаты Амэрыкі зьяўляюцца сябрамі, паколькі яны прытрымліваюцца адных і тыя ж каштоўнасьцей. У сваю чаргу ў сьвеце, які становіцца ўсё больш непрадказальным, наш саюз усё больш актыўным”, - сказаў Пэнс.
Нагадаем, віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс прыбыў у Польшчу на канфэрэнцыю па Блізкім Усходзе, якая ў сераду ўвечары пачалася ў Варшаве.
аз