Logo Polskiego Radia
Print

Праціўнікі акумулятарнага заводу зноў сабраліся ў Берасьці

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.02.2019 09:12
Будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА „АйПаўэр” вядзецца ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”.
Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain

На плошчы Леніна ў Берасьці 3 лютага зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю ад 25 лютага 2018 году.

Паводле праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, больш як 200 чалавек абмяркоўвалі паведамленьне, зьмешчанае 1 лютага на сайце Берасьцейскага аблвыканкаму. У паведамленьні гаворыцца, што рэспубліканскі цэнтар дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы зацьвердзіў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы праектнай дакумэнтацыі „Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр”.

У паведамленьні пацьвярджаецца, што праект адпавядае патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку „заканадаўства аб ахове атмасфэрнага паветра, заканадаўства аб ахове й выкарыстаньні жывёльнага сьвету, заканадаўства аб ахове й выкарыстаньні зямель, заканадаўства аб ахове й выкарыстаньні нетраў, заканадаўства аб абыходжаньні з адыходамі, заканадаўства аб дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе”.

Актывіст Дзьмітрый Бекалюк заявіў БелаПАН, што людзей гэта не супакоіла. Ён мяркуе, што паўторнай экспэртызай „фактычна ўзаконеныя парушэньні, выяўленыя актывістамі ў праекце”. Бекалюк паведаміў, што ім да гэтага часу не пададзеныя вынікі паўторнай экспэртызы.

Будаўніцтва акумулятарнага заводу ТАА „АйПаўэр” вядзецца ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Жыхары Берасьця й раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта й дамагаюцца спыненьня будаўніцтва.

Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага заводу пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў Берасьці й раёне 52 мітынгаў, 12 пікетаў і шасьці дэманстрацыяў. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць сьвінцу”, на які сабралася прыблізна дзьве тысячы чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністар Сяргей Румас заявіў, што асьцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя.

У студзені Берасьцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага заводу.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт