Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі тэлевядучы: «Палякі — родныя нам людзі»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 03.01.2019 10:03
  • 190103 Варшаўскі мост - І. Падрэз.mp3
З польскім тэлеканалам Polsat супрацоўнічае вядомы беларускі тэлевядучы Іван Падрэз.
Іван Падрэз (у цэнтры) — вядучы шоў Mister Supranational 2018 на тэлеканале PolsatІван Падрэз (у цэнтры) — вядучы шоў Mister Supranational 2018 на тэлеканале PolsatФота: facebook.com/ivan.podrez

У сьнежні 2018 года тэлеканал Polsat паказваў фінал міжнароднага конкурсу Mister Supranational 2018, які праходзіў на польскім курорце Крыніца-Здруй.

Вялі цырымонію журналістка тэлеканала Polsat Sport Паліна Хылеўская, актрыса Аляксандра Швэд і вядомы беларускі тэлевядучы Іван Падрэз.

Шлях Івана на польскі тэлеканал пачынаўся ў Менску.

Іван Падрэз: Я пачынаў на Першым канале беларускага тэлебачаньня з праграмы “5х5”, затым прадоўжыў працу на Агульнанацыянальным тэлебачаньні як рэдактар, вядучы. Таксама супрацоўнічаў з рознымі радыёстанцыямі як дыджэй, музычны рэдактар.

У 2013 годзе ўпершыню за межамі Польшчы праводзіўся конкурс Miss Supranational — у Менску. І мы з маім калегам Дзянісам Кур’янам яго вялі. Пасьля мяне сталі запрашаць у Польшчу як вядучага гэтага конкурсу ў 2014, 2016, 2017 гадах, а ў 2018 годзе — конкурсу Mister Supranational. Гэты конкурс — Miss Supranational — зьявіўся ў Польшчы ў 2009 годзе і стаў адным з найбольш прэстыжным. А ў Беларусь конкурс прыяжджаў па запрашэньні тэлеканала АНТ, бо ў 2012 годзе на ім перамагла беларуска Кацярына Бурая.

Прыехаўшы ўпершыню на польскі тэлеканал, я адразу знайшоў агульную мову з польскай камандай. Тэлевізіёншчыкі разумеюць адно аднаго бяз слоў.

Польшча — гэта нашы суседзі, амаль родныя нам людзі. У мяне маці з Берасьця паходзіць, яе продкі лічылі сябе палякамі.

Людзі ў Польшчы вельмі шчырыя, заўсёды выкажуць усё, што яны думаюць. Гэта вельмі добра. Гэта тое, што мне пасуе.

Улюбёнае месца ў Польшчы — Кракаў. Я бываў там разоў сем ці восем.

У гарах, дзе Miss Supranational праходзіць, вельмі прыгожа. Горы, сьнег — рамантыка.

Варшава — вельмі прыемнае месца, эўрапейская сталіца са сваёй моцна разьвітай культурай.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт