Лідар „Маладога фронту” аштрафаваны на 40 базавых велічынь
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.12.2018 09:11
Дзяніса Ўрбановіча аштрафавалі за ўдзел у акцыі „Ноч расстраляных паэтаў”.
Photo: QuinceMedia/pixabay.com/CC0 Public Domain
Дзяніс Урбановіч, лідар „Маладога фронту” (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі), аштрафаваны на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за ўдзел у акцыі „Ноч расстраляных паэтаў”, якая адбылася 29 кастрычніка ў Курапатах.
Рашэньне аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня прыняў 18 сьнежня судзьдзя суда Лагойскага раёна. Актывіст на судзе не прысутнічаў, пра штраф ён даведаўся з пастановы, якая прыйшла па пошце. Яе фота ён разьмясьціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
У дакумэнце адзначаецца, што Ўрбановіч парушыў закон „Аб масавых мерапрыемствах”, што выявілася „ў прыняцьці ім актыўнага ўдзелу ў складзе групы грамадзян у пікетаваньні без адпаведнага дазволу Менскага раённага выканаўчага камітэта з мэтай публічнага выказваньня сваіх адносінаў да функцыянаваньня рэстарана „Паедзем паядзім” і палітычных рэпрэсій 1930-1940 гадоў, дзе дэманстратыўна ажыцьцяўляў нанясеньне ўдараў у звон”.
29 кастрычніка ў Курапатах прайшла акцыя „Ноч расстраляных паэтаў” з удзелам прыкладна 70 чалавек. Акцыя адбылася ў заходняй частцы ўрочышча, а не на цэнтральным узгорку (так званай Галгофе), дзе вяліся падрыхтоўчыя работы да ўстаноўцы мэмарыяла. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў.
belapan.by/аз