Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Польшчы зьвярнуўся да ўкраінскага народу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.11.2018 09:38
Анджэй Дуда напісаў ліст з нагоды Дня памяці аб Галадаморы ва Украіне.
Foto: twitter.com/prezydentpl

«Палякі разам з украінцамі хочуць нагадаць сьвету пра жудасныя пакуты мільёнаў людзей, асуджаных таталітарнай камуністычнай сыстэмай да галоднай сьмерці. Захаваньне памяці пра той генацыд зьяўляецца папярэджаньнем супраць таталітарных ідэалёгій, які нішчаць чалавечую годнасьць і правы чалавека цяпер і ў будучыні», – напісаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў лісьце да прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Ліст польскага прэзыдэнта быў зачытаны падчас дзяржаўнай урачыстасьці ў Кіеве. У лісьце Анджэй Дуда выказаў украінскаму народу словы сяброўства ды салідарнасьці.

«Сёньня палякі разам з украінцамі ўшаноўваюць мільёны ахвяр, якія памерлі ў выніку гэтага злачынства, арганізаванага ў вялізарным маштабе. Мы, палякі і ўкраінцы, мы заўсёды павінны выказваць такую брацкую салідарнасьць у памяці ўсіх нявінных ахвяр кожнай з нашых краін», – зазначыў польскі прэзыдэнт.

24 лістапада ва Украіне адзначаецца Дзень памяці ахвяр Галадамору і палітычных рэпрэсій. Галадамор зладзілі савецкія ўлады, каб спыніць супраціў калектывізацыі ва Украіне. У выніку ў 1932-1933 гг. ад голаду памерла ад 4,9 да 9 мільёнаў людзей.

У знак памяці пра ахвяры Галадамору ў акне прэзыдэнцкага палаца ў суботу ўвечары была запалена сьвечка.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт