Logo Polskiego Radia
Print

Анджэй Дуда: Дзякуючы «Салідарнасьці» Польшча вярнула свабоду

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.09.2018 10:00
У Гданьску прайшлі ўрачыстасьці да 38-й гадавіны забастовак і стварэньня прафсаюза «Салідарнасьць».
31 жніўня 2018 г., Гданьск. Урачыстасьці ў сувязі з гадавінай падзей 1980 года на суднабудаўнічым заводзе з удзелам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды31 жніўня 2018 г., Гданьск. Урачыстасьці ў сувязі з гадавінай падзей 1980 года на суднабудаўнічым заводзе з удзелам прэзыдэнта Польшчы Анджэя ДудыФота: PAP/Adam Warżawa

У Гданьску прайшлі ўрачыстасьці ў сувязі з гадавінай падзей 1980 года на суднабудаўнічым заводзе. У касьцёле Сьвятой Брыгіты 31 жніўня адбылася ўрачыстая імша, у якой прынялі ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі, члены ўрада, канцылярыі прэзыдэнта, парлямэнтарыі, першы і цяперашні старшыні прафсаюза «Салідарнасьць» — былы прэзыдэнт Лех Валэнса і Пётр Дуда, члены прафсаюза і ўдзельнікі падзей 1980 года.

Літургіі папярэднічалі ўрачыстасьці на тэрыторыі Гданьскага суднабудаўнічага завода, дзе 31 жніўня 1980 года Лех Валэнса падпісаў пагадненьне з уладамі ад імя ўдзельнікаў забастоўкі — членаў прафсаюза «Салідарнасьць».

Падпісаньне ў жніўні і верасьні 1980 года пагадненьняў паміж удзельнікамі забастоўкі і камуністычнымі ўладамі дазволіла, у прыватнасьці, зарэгістраваць прафсаюз «Салідарнасьць», вызваліць палітычных зьняволеных, павысіць заработную плату.

Удзельнікі ўрачыстасьцей усклалі кветкі да брамы № 2 Гданьскага суднабудаўнічага завода і да помніка ксяндзу Хэнрыку Янкоўскаму.

Анджэй Дуда сказаў, што дзякуючы «Салідарнасьці» Польшча вярнула свабоду.

Прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што работнікі завода, якія абвясьцілі ў жніўні 1980 года забастоўку, стаялі на барыкадах свабоды.

Прэзыдэнт таксама дадаў, што пасьля краху камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе не ўдалося пазьбегнуць многіх памылак, вынікам якіх стаў у тым ліку заняпад Гданьскага суднабудаўнічага завода.

Анджэй Дуда лічыць, што многія памылкі, зробленыя пасьля 1989 года, да гэтага часу даюць аб сабе знаць у судовай сыстэме, эканоміцы і палітыцы.

IAR/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт