Logo Polskiego Radia
Print

У Курапатах зьявіцца абяцаны з 1989 года помнік

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 28.08.2018 16:10
  • 0828 Памятны знак у Курапатах.mp3
Міністэрства культуры Беларусі выбрала эскізны праект памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты.
Праект памятнага знака ў Курапатах работы скульптараў Сяргея Аганава, Вольгі Нячай, архітэктараў Марыі Маркаўцовай, Вольгі ЯрмолінайПраект памятнага знака ў Курапатах работы скульптараў Сяргея Аганава, Вольгі Нячай, архітэктараў Марыі Маркаўцовай, Вольгі ЯрмолінайФота: Svaboda.org

3 чэрвеня 1988 года ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці», у якім упершыню расказвалася пра расстрэлы людзей пад Менскам падчас сталінскіх рэпрэсій. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, з 1937 да 1941 года кожны дзень і ноч туды прывозілі ахвяр на машынах і забівалі іх.

На падставе артыкула Пазьняка і Шмыгалёва 14 чэрвеня 1988 года Пракуратура БССР завяла крымінальную справу. Сьледзтва скончылася ў лістападзе 1988 года, і па яго выніках генэральны пракурор БССР Г. С. Тарнаўскі паведаміў, што ў Курапатах пахаваны ня менш за 30 тысяч чалавек.

18 студзеня 1989 года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову № 42, якая прадугледжвала правядзеньне адкрытага конкурсу на помнік ахвярам масавых рэпрэсій у Курапатах і яго ўстаноўку. І вось, нарэшце, гэты конкурс адбыўся.

Пераможцам названы аўтарскі калектыў скульптараў Сяргея Аганава, Вольгі Нячай, архітэктараў Марыі Маркаўцовай, Вольгі Ярмолінай.

Знак паставяць на пагорку, дзе цяпер стаіць валун з памятнай дошкай ад Савета Міністраў БССР.

Сяргей Аганаў і Вольга Нячай зьяўляюцца вядомымі скульптарамі, аўтарамі помнікаў Анастасіі Слуцкай у Слуцку, Давыду Гарадзенскаму ў Горадні, манумэнтальных работ, прысьвечаных гісторыі горада, у гістарычным цэнтры Менска.

У Вільні на доме на вул. Вільняўс, 14 устаноўлена мэмарыяльная дошка ў гонар Янкі Купалы, які тут жыў і працаваў у рэдакцыі газэты “Наша ніва”, выкананая Аганавым і Нячай.

Паводле праекта гэтых аўтараў у 2019 годзе ў Лідзе будзе ўстаноўлены помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну.

Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў: Лічу помнік Анастасіі Слуцкай вельмі ўдалым. На мой погляд, абяцае быць вельмі ўдалым помнік Гедыміну. Я вельмі прыдзірліва стаўлюся да гістарычных помнікаў, але з трактоўкай аўтарамі Гедыміна пагаджаюся. Нячай — малады аўтар, яна нядаўна закончыла Белдзяржакадэмію мастацтваў, а Аганаў — больш вопытны чалавек. Тое, што зроблена ў Слуцку і робіцца ў Лідзе, абнадзейвае, што і ў Курапатах будзе дастойны манумэнт.

Сяргей Аганаў расказаў, што натхніла яго з калегамі на стварэньне памятнага знака ў Курапатах, у чым заключаецца творчая задума, і як ён бачыць манумэнт сярод тых крыжоў, якія на працягу апошніх гадоў ставілі неабыякавыя да памяці пра ахвяр сталінізму грамадзяне.

Сяргей
Сяргей Аганаў Фота: Ulej.by

Сяргей Аганаў: Год назад Міністэрства культуры аб’явіла конкурс на мэмарыяльны знак. У конкурсе было каля 30 удзельнікаў. У мяне з калегамі склалася кампанія аднадумцаў. Мы ня раз бывалі ў Курапатах. Мы лічым, што павінен быць максымальна захаваны той мэмарыял, які там існуе. Ён унікальны. Усе крыжы, якія там існуюць, — гэта сьведчаньне неабыякавасьці людзей, якія прыходзілі і іх ставілі. І таму мы падышлі пра праектаваньня памятнага знака вельмі далікатна. Наша ідэя адштурхоўвалася ад няпростага ляндшафта і ўсіх плястычных аб’ёмаў, які там існуюць і задаюць нейкую ідэю. Міністэрства культуры аб’яўляла конкурс, у якім гучала думка пра тое, што ў Курапатах можа зьявіцца капліца. Але ў нас ня вобраз капліцы як такой. Наш знак ня мае канфэсіянальнай нагрузкі. Гэта досыць спакойная форма: чатыры слупы з разбуранымі канцамі. Зьверху яны мацуюцца скрыжаваньнем у выглядзе сымбаля продкаў паводле матываў беларускага арнамэнту. Па сьценах памятнага знака, выкананых з іржавага мэталу, у тэхніцы траўленьня павінны быць выкананы надпісы “Тата”, “Маці”, “Дачка”, “Сын”, “Пляменьнік”. Адна з ідэй — зрабіць гэтыя надпісы на чатырох мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідышы. На жаль, пакуль няма магчымасьці ўвекавечыць ахвяр Курапат пайменна.

На думку Рыгора Сітніцы, на ўстаноўцы памятнага знака работы Сяргея Аганава і яго калег работа па мэмарыялізацыі Курапат ня скончыцца і павінна быць працягнута.

Рыгор Сітніца: Курапаты — гэта народны мэмарыял, і там павінен стаяць мільён крыжоў — ад кожнай сям’і, ад кожнай краіны, дый ня толькі крыжы. Могуць быць і камяні, і валуны. Тое, што зараз зьявіцца нейкі помнік, абнадзейвае, што мэмарыял будзе знаходзіцца пад больш пільнай аховай.

Сяргей Аганаў падкрэсьлівае важнасьць Курапат для Беларусі. Скульптар адзначае, што ў яго сям’і, як і ў сем’ях бадай кожнага беларуса былі ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Дарэчы, сярод ахвяр сталінізму ў Курапатах ёсьць і палякі.

30 жніўня на пасяджэньні Рэспубліканскага мастацка-экспэртнага савета па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве ў эскіз мэмарыяльнага знака, распрацаванага Сяргеем Аганавым з калегамі будуць унесены апошнія карэктывы.

Калі помнік будзе ўстаноўлены, залежыць ад фінансаваньня гэтага праекта дзяржавай.

Віктар Корбут

Слухайе далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт