Пад дэвізам “Беласток памятае” 16 жніўня адзначаецца 75-я гадавіна паўстаньня ў гета. Аб 11-й гадзіне былі ўскладзены кветкі ля помніка Вялікай Сынагозе на вул. Сураскай, 2, а праз паўгадзіны — на месцы ўзязной брамы ў беластоцкае гета ўдзельнікі памятных мерапрыемстваў запалілі сьвечкі.
16 жніўня галоўныя памятныя мерапрыемствы ў гонар паўстанцаў беластоцкага гета адбыліся ля помніка Героям Гета на пляцы імя Мардэхая Тэнэнбаўма.
Тадэвуш Трускаляскі, прэзыдэнт Беластока: У гэтых мерапрыемствах прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль Анна Азары, галоўны рабін Міхаэль Шудрых, а таксама прадстаўнікі пасольстваў ЗША, ФРН і шмат іншых гасьцей — і з Ізраіля, і са Злучаных Штатаў Амэрыкі, і, натуральна, з Польшчы.
У другой палове дня ў Беластоку была арганізавана канфэрэнцыя, прысьвечаная жыцьцю ў гета. Падчас яе гучалі паведамленьні пра гісторыю зьнішчэньня габрэйскага раёна і яго жыхароў.
Ялянта Шчыгель-Рагоўска, дырэктар беластоцкай галерэі імя Сьляндзіньскіх: Мы даведаліся, як выглядала жыцьцё ў гета. Яшчэ застаецца вельмі многа белых плям. Але падчас дыскусіі мы раскрылі шмат тэм.
З 16 да 19 жніўня ўсе жадаючыя змогуць пачуць сьведчаньні ўдзельнікаў паўстаньня ў гета і жыхароў Беластока.
Гражына Дваракоўская, дырэктар Беластоцкага цэнтра культуры: Мы адкрылі кіёск з запісамі сьведкаў падзей, якія былі зроблены супрацоўнікамі Музэя гісторыі горада Беластока пачынаючы з 2010 года.
Беласток, 16 жніўня 2018 г. Ля помніка Героям Гета Фота: PAP/Artur Reszko
Паўстаньне ў беластоцкім гета адбылося 16 жніўня 1943 года. І паводле маштабу яно было другім пасьля варшаўскага. У гета, утвораным у ліпені 1941 года, знаходзіліся 40 тысяч чалавек.
Прычынай выбуху паўстаньня стала падрыхтоўка немцаў да поўнага зьнішчэньня гета. Некалькі соцень баевікоў падняліся на няроўнае змаганьне з нацыстамі, якіх было ў дзесяць разоў больш.
Данута Хузарская, чый дом стаяў на мяжы габрэйскага раёна, у 2013 годзе ўспамінала пра паўстаньне і ліквідацыю гета: Габрэі моцна бараніліся. Але, на жаль, іх сілы былі вельмі сьціплыя ў параўнаньні зь нямецкімі. Габрэі, мабыць, зрабілі падкоп з гета. Бо каля майго дома дзень і ноч стаяла варта — немец і ўкраінец — і нікога не пускалі.
Эва Крацоўская ў 2003 годзе расказвала пра свой удзел у паўстаньні: Тых, хто ўцалеў падчас баёў, а таксама баевікоў зь іншых месц немцы паставілі ў шэраг на расстрэл. З гэтага шэрагу мяне выцягнуў цудам адзін з баевікоў. Мы ўцяклі праз двары без платоў і схаваліся на даху будынка на вул. Фабрычнай, 9. А потым цудам, як у фантастычным рамане, дабраліся да партызан.
12 тысяч чалавек пасьля задушэньня паўстаньня ў беластоцкім гета трапілі ў лягеры сьмерці ў Трэблінцы і Аўшвіцы.
20 жніўня 1943 года немцы завяршылі ліквідацыю гета.
Некаторыя паўстанцы здолелі ўцячы ў лес, дзе дачакаліся вызваленьня.
Сэм Соляж, які ўдзельнічаў у паўстаньні, у 2015 годзе прыяжджаў у Беласток: Калі я ўдзельнічаў у паўстаньні ў гета, мне было 11 гадоў. Я прыехаў сюды разам са сваімі аднагодкамі з Амэрыкі, каб тое, што здарылася падчас вайны, ніколі не паўтарылася.
Беласток, 16 жніўня 2018 г. Выстаўка каляровых фотаздымкаў паўстаньня ў гета Фота: PAP/Artur Reszko
Пасьля задушэньня паўстаньня ў беластоцкім гета засталося 1-2 тысячы чалавек. Яны былі зьмешчаны ў г. зв. невялікае гета, якое было ліквідавана ў верасьні 1943 года.
З больш чым 60 000 габрэяў, якія жылі да і падчас вайны ў Беластоку і ваколіцах, толькі некалькі соцень чалавек перажылі вайну.
IAR/вк
Фота: PAP/Artur Reszko
Слухайце далучаны гукавы файл