Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ўзялі Бэрлін

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 13.08.2018 16:15
  • 0813 Польскія лёгкаатлеты - Бэрлін.mp3
На чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы польскія спартсмэны заваявалі 7 залатых мэдалёў.
Аніта ВладарчыкАніта ВладарчыкФота: PAP/Aleksander Koźmiński

У мінулую нядзелю польскія спартсмэны надзвычай удала выступілі на чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў Бэрліне. З 12 мэдалёў, якія яны прывезьлі на бацькаўшчыну, — 7 залатых, 4 сярэбраныя і 1 бронзавы.

Гучна і горача віталі Аніту Владарчык жыхары яе роднага горада Равіча, што на захадзе Польшчы. Спартсмэнка ўжо ў чацьвёрты раз стала чэмпіёнкай Эўропы. Падчас прывітаньня жыхары Равіча прасьпявалі сваёй зямлячцы песьню „Sto lat”.

А сваю перамогу Владарчык прысьвяціла бацькам.

Аніта Владарчык: Учора яны адзначалі якраз саракагодзьдзе шлюбу. На працягу некалькіх месяцаў я марыла пра тое, каб зрабіць бацькам прыгожы падарунак. І вось мне ўдалося здабыць гэты залаты мэдаль. Я цяпер у Равічы ненадоўга. Але пасьля вярнуся сюды на адкрыцьцё гімнастычнай залі ў пачатковай школе, у якую я хадзіла. Я сюды абавязкова прыеду і правяду час з маімі блізкімі.

Выступленьне польскіх лёгкаатлетаў на чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў Бэрліне стала вялікім падарункам ня толькі для аматараў спорту, але і для ўсёй краіны. Польшча заняла другое месца ў агульным заліку, саступіўшы толькі Вялікабрытаніі.

На чэмпіянатах Эўропы па лёгкай атлетыцы палякі перамагалі ў мэдальным заліку толькі аднойчы — у 2016 годзе. А раней найлепшыя вынікі польскія спартсмэны паказвалі амаль паўстагодзьдзя таму: у 1958 годзе заваявалі 8 залатых мэдалёў, у 1966-м – 15.

Польскія
Польскія лёгкаатлеты, якія перамаглі на чэмпіянаце Эўропы ў Бэрліне

Міністар спорту Польшчы Вітальд Банька назваў выступленьне суайчыньнікаў у Бэрліне подзьвігам.

Вітальд Банька: Гэта самы сапраўдны гістарычны подзьвіг. Тое золата, якое мы здабылі, сьведчыць пра тое, што мы ўяўляем сапраўдную сілу. Я б хацеў падзякаваць за гэта змаганьне, за вашу рашучасьць. Вы зьяўляецеся ўзорам для перайманьня. Нікто ня зможа так прыгожа прарэклямаваць спорт, як вы.

Зь перамогай лёгкаатлетаў павіншаваў таксама прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Сёлета чэмпіёнамі Эўропы сталі Юстына Сьвенты-Эрсэтыц у бегу на 400 мэтраў, Адам Кшчот — на адлегласьці 800 мэтраў, удзельнікі чатырохасабовай эстафэты на 400 мэтраў Юстына Сьвенты- Эрсэтыц, Малгажата Холуб-Кавалік, Іга Баўмгарт-Вітан і Патрыцыя Выцішкевіч. Войцех Навіцкі і Аніта Владарчык атрымалі золата ў кіданьні молата, а Міхал Харатык і Паўліна Губа — у штурханьні ядра.

Залаты мэдаліст Войцех Навіцкі падзяліўся сакрэтам свайго посьпеху.

Войцех Навіцкі: У той дзень, калі стартуеш, трэба трохі шчасьця. Акурат, можна сказаць, гэта быў мой дзень. Я добра сябе адчуваў, быў добра настроены псыхалягічна. І ў мяне ўсё атрымалася. Я ўдала кінуў молат двойчы на адлегласьць 80 м.

Юстына Сьвенты-Эрсэтыц кажа, што галоўнае ў любой справе — настроіцца на добры вынік.

Юстына Сьвенты-Эрсэтыц: Наш трэнэр паўтараў, што наша мэта — гэта два залатыя мэдалі на чэмпіянаце ў Бэрліне, і як бачыце — усё ўдалося.

Малгажаце Холуб-Кавалік перамагчы дапамагла яе рашучасьць у дасягненьні мэты.

Малгажата Холуб-Кавалік: Я ведала, што перад намі стаіць удвая цяжкая задача, бо дзяўчаты былі пасьля індывідуальнага бегу, які адбыўся паўтары гадзіны перад фіналам эстафэты. Аднак я ведала, што мы цудоўна падрыхтаваны, пакажам сябе з найлепшага боку, будзем змагацца за найвышэйшыя мэты і вельмі рада, што ў нас усё атрымалася.

Адам
Адам Кшчот (у цэнтры)

Адам Кшчот прызнаўся, што для яго перамога — гэта не выпадковасьць. Бегчы і апярэдзіць супернікаў — ня так проста.

Адам Кшчот: Здавалася б, што гэта для мяне проста. Выйшаў, стартаваў і гоп — золата. Але так не бывае.

Дарэчы, плённа выступілі на эўрапейскім чэмпіянаце і лёгкаатлеткі зь Беларусі. Беларусь у мэдальным заліку апынулася на 7 месцы: 3 залатыя, 1 сярэбраны і 3 бронзавыя мэдалі.

IAR/вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт