Logo Polskiego Radia
Print

У Менску мёртвым не даюць спакою (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.07.2018 17:59
  • 0721 Вайсковыя могілкі.mp3
Як добраўпарадкаваць і захаваць Вайсковыя могілкі.
Менск, Вайсковыя могілкі. Магілы пісьменьнікаў Паўлюка Труса, Алеся Гурло, Алеся Ліпнёвага, Кузьмы Чорнага. Чэрвень 2018 г.Менск, Вайсковыя могілкі. Магілы пісьменьнікаў Паўлюка Труса, Алеся Гурло, Алеся Ліпнёвага, Кузьмы Чорнага. Чэрвень 2018 г.Фота: Дзьмітрый Ласько

На Вайсковых могілках у Менску КУП «Спэцыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня» з чэрвеня вядзе добраўпарадкаваньне. Надмагільлі, якія знаходзяцца ў аварыйным стане і не прыведзены ў належны выгляд сваякамі, замяняюцца на стандартныя помнікі — г. зв. падгалоўнікі. Аднак такі падыход выклікае крытыку з боку некаторых краязнаўцаў. Цяпер яны спрабуюць сваімі сіламі аднавіць паўразбураныя або аварыйныя помнікі.

Яшчэ ў канцы 2015 года прэса паведамляла, што спэцкамбінат праводзіць у Менску інвэнтарызацыю могілак. Як казаў тады дырэктар спэцкамбіната Мікалай Ракевіч, пасьля выяўленьня недагледжаных магіл на іх разьмесьцяць аб'явы з просьбай да сваякоў прывесьці за два гады ўчасткі ў парадак. Калі гэта ня будзе зроблена, работнікі спэцкамбіната дэмантуюць старыя надмагільлі і ўстановяць замест іх стандартныя памятныя знакі — г. зв. падгалоўнікі.

Летась у друку зьявілася інфармацыя, што спэцкамбінат на менскіх Вайсковых могілках выявіў 2200, а па іншых зьвестках, 3900 недагледжаных надмагільляў.

Спэцкамбінат цяпер дэмантуе ржавыя крыжы і агароджы на недагледжаных магілах, чым выклікае крытыку з боку неабыякавых да гісторыі грамадзян. Яны выступаюць супраць устаноўкі на месцы старых магіл тыпавых падгалоўнікаў. На іх думку, гэта нявечыць ляндшафт гісторыка-культурнай каштоўнасьці, якой зьўяляюцца могілкі.

Два бакі пакуль не знайшлі агульнай мовы. На баку спэцкамбіната сталі Міністэрства культуры і Менскі гарвыканкам. У выніку канфлікт яшчэ больш разгарэўся. Групай краязнаўцаў кіруе Павел Каралёў. Спэцкамбінат прадстаўляе кіраўнік яго ідэалягічнага аддзела Сяргей Тур. Яны ўжо ня раз сутыкаліся на могілках у зацятых спрэчках...

Менск,
Менск, Вайсковыя могілкі. Помнік на магіле Іосіфа Апанскага. Фота: Дзьмітрый Ласько

Трэба адзначыць, што краязнаўцы зафіксавалі некалькі выпадкаў, калі работнікі спэцкамбіната дэманціравалі надмагільлі, якія па-ранейшаму даглядаюць сваякі памерлых, якія, у сваю чаргу, не давалі згоды на дэмантаж. Таксама адбыўся інцыдэнт з магілай вядомага чэкіста 1920-х гадоў Іосіфа Апанскага. Нібыта па просьбе нейкай грамадзкай арганізацыі вакол помніка Апанскаму была прыбрана гістарычная агароджа 1920-х гадоў.

19 ліпеня на Вайсковых могілках пабываў паэт і краязнавец Антон Рудак, які правёў тут экскурсію. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад работ, якія цяпер вядзе на нэкропалі спэцкамбінат. Паводле яго слоў, работы закранулі пакуль толькі частку могілак і яшчэ не дайшлі да сэктара, дзе знаходзіцца асноўны масіў надмагільляў першай паловы ХХ ст.

Пасьля наведваньня могілак Антон Рудак напісаў верш:

ноч на вайсковых могілках

на царкве званы загукалі

разам з совамі ва ўнісон

піянэрцы вайтэнкавай галі

сьніцца трыццацітысячны сон


гэткі ж сон даглядае поруч

так жа кормячы чарвякоў

камуніст аляксандар рыгоравіч

з простым прозьвішчам чарвякоў


два жыцьці што былі загублены

і бар'ер паміж імі зьнік

побач сьпяць аднагодка рэспублікі

і рэспублікі кіраўнік


неяк ранкам на суд іх пабудзяць

непазьбежны куды ні кроч

сьпіце дзеці мы ўсе там будзем

а цяпер на вайсковых ноч

Менск,
Менск, Вайсковыя могілкі. Надмагільны помнік з надпісам: «Піанэрка Галя Вайтэнкава. 14 красавіка 1919 — 14 кастрычніка 1929». Чэрвень 2018 г.
Фота: Дзьмітрый Ласько


Сытуацыя на Вайсковых могілках застаецца няпэўная. Пра намеры спэцкамбіната ўпарадкаваць нэкропаль было вядома яшчэ два гады таму. Чаму краязнаўцы толькі цяпер прыйшлі на могілкі? Па словах Цімафея Акудовіча, члена грамадзкай арганізацыі “Беларускі камітэт ICOMOS”, краязнаўцаў ня так і многа, каб паўсюль пільнаваць гісторыка-культурную спадчыну. Аднак пэўныя захады ўсё ж прымаліся.

Цімафей
Цімафей Акудовіч. Фота: facebook.com/cimafiej.akudovich


Цімафей Акудовіч: Пісаліся заявы. Калі толькі спэцкамбінат павесіў напамінаньні на магілах аб тым, што недагледжаныя помнікі будуць дэмантаваць, то была шуміха ў друку. Але цяпер праблема заключаецца ў Сяргею Туру, які яшчэ раней казаў, што ўсё будзе добраўпарадкавана паводле закона. І мы зразумелі гэта так, што “паводле закона” — гэта значыць, што падгалоўнікі будуць пакладзены там, дзе магілы сапраўды разбураныя. Я быў на Вайсковых могілках, і бачыў напамінаньні: яны былі разьвешаны на двух-трох дзясятках помнікаў. А цяпер сп. Тур значна больш “рэжа”, чым было разьвешана аб'яў. Мы ня ведалі пра сапраўдныя маштабы рэканструкцыі, якая плянавалася. Што будзе зносіцца 80% усяго. Ну гэта ж нешта зусім іншае, чым тое, пра што ішла гаворка ў самым пачатку. А сп. Тур нідзе не паказваў плянаў, толькі казаў, што ўсё будзе добра. Ну вось цяпер і атрымаў бучу...

Адам Глобус, пісьменьнік і мастак, старшыня менскага гарадзкога таварыства па ахове помнікаў і мэмарыялаў “Кальварыя”, лічыць, што добраўпарадкаваньне могілак трэба праводзіць. Аднак уладам трэба прыслухоўвацца да канструктыўных парад грамадзян.

Адам Глобус: Калі я ствараў таварыства “Кальварыя”, то абмяркоўваў сытуацыю з добраўпарадкаваньнем могілак Менска і з ксяндзамі, і з праваслаўнымі сьвяшчэньнікамі. І ўсе былі катэгарычна супраць агародж вакол магіл, якія на могілках разам з расьліннасьцю ствараюць непралазныя жалезна-зялёныя джунглі. І даўно трэба было гэтыя джунглі ўпарадкаваць. Тое, што гэта цяпер робіцца зь пераборам — гэта так, тое, што некаторыя людзі нетактоўна сябе паводзяць — так, гэта ўсё ёсьць, і я супраць гэтага. Але тое, што на могілках даўно трэба было навесьці парадак, гэта таксама праўда.

І яшчэ я лічу, што на надмагільных помніках трэба пісаць як мінімум па-беларуску. І калі гэтым разам беларусізацыю могілак мы не правялі, ну шкада... А наступным разам мы яе правядзём.

Менск,
Менск, Вайсковыя могілкі. Фрагмэнт надмагільля (пастаўлена ў 1948 г.) Марыі Міцкевіч (у дзявоцтве Каменская), жонкі Якуба Коласа. Фота: Дзьмітрый Ласько

Цімафей Акудовіч далучаецца да меркаваньня Адама Глобуса аб неабходнасьці выкарыстаньня беларускай мовы на могілках і нават дапускае, што супраць гэтага ня будзе і спэцкамбінат. І дадае, што варта выправіць памылкі ў імёнах і датах нараджэньня і сьмерці пахаваных на тых падгалоўніках, якія ўжо ўстаноўлены.

Адам Глобус зьвяртае ўвагу на тое, што мала прыбраць, добраўпарадкаваць могілкі. Трэба яшчэ стварыць іх надзейную ахову.

Адам
Адам Глобус. Фота: Яўген Колчаў, facebook.com/adam.hlobus

Адам Глобус: Пры Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях трэба стварыць войскі, якія будуць складацца з "адказьнікаў" — людзей, якія ня хочуць служыць, трымаць зброю. Ім замест зброі трэба даваць у рукі рыдлёўкі.

Цімафей Акудовіч падкрэсьлівае, што могілкі — гэта вельмі складаная матэрыя. І любыя зьмены, якія тут праводзяцца, трэба рабіць далікатна.

Цімафей Акудовіч: Могілкі – гэта сума соцень маленькіх помнікаў. І кожны зь іх можна адрэстаўрыраваць па-свойму. Адзін можна зьнесьці і паставіць падгалоўнік. Другі не чапаць прынцыпова. Трэці падпілаваць, падфарбаваць і г. д. На Вайсковых могілках, расказваў сп. Тур, назіраецца і адваротная сытуацыя. Да яго прыходзілі старэнькія бабулькі і казалі: “Ды зносьце! Вы паставіце значна лепшы помнік, чым мы будзем у зямлі корпацца. Пастаўце падгалоўнік — нам будзе лягчэй”. Але могілкі гэта ня той помнік, які можна проста “аддаць” дзяржаве ці нейкаму іншаму ўласьніку і сказаць: “Ну ты і займайся імі!” Могілкі — гэта месца супольнай работы. І гэта нармальна, калі адзін чалавек кажа: “Я хачу, каб мае продкі ляжалі пад падгалоўнікам”, а другі: “Я хачу, каб усё заставалася, як ёсьць. І нават хачу, каб нічога не было добраўпарадкавана. Мне хочацца нейкай рэтраэстэтыкі”.

Сытуацыя на Вайсковых могілках далёкая ад вырашэньня. Спэцкамбінат працягвае тут работы. Валянтэры не зьбіраюцца сыходзіць.

Кожны з бакоў мае сваю рацыю, аднак агульным інтарэсам магло б стаць захаваньне найбольш каштоўных элемэнтаў аднаго са старэйшых нэкропаляў Менска, дзе пахаваны вядомыя культурныя, грамадзкія дзеячы Беларусі і іншых краін, а таксама звычайныя жыхары, якія маюць права на дастойную памяць.

Віктар Корбут

Фотарэпартаж з Вайсковых могілак: Дзьмітрый Ласько

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт