Logo Polskiego Radia
Print

„Варшаўскі мост”. Спадчыны Надзеі Хадасевіч-Лежэ (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 14.06.2018 10:01
  • 0614 Варшаўскі мост. Ч. 2. Лежэ.mp3
Творы мастачкі можна сёньня ўбачыць у Францыі, Польшчы, Беларусі, Расеі.
На адкрыцьці выстаўкі ў Лодзі "Чырвоная матэрыя. Надзя Лежэ" (25 траўня 2018 г.)На адкрыцьці выстаўкі ў Лодзі "Чырвоная матэрыя. Надзя Лежэ" (25 траўня 2018 г.)Фота: A. Taraska-Pietrzak, Muzeum Sztuki w Łodzi, facebook.com/karolina.zychowicz

Мастачка Надзея Хадасевіч, якая больш вядома пад прозьвішчам Лежэ, паходзіць зь Беларусі. Але пэўны час лічыла сябе палячкай. Потым праславілася ў Францыі. А затым стала папулярнай у Савецкім Саюзе. І раптоўна “вярнулася” да сваіх беларускіх каранёў. Кім бы сябе не ўсьведамляла гэта прадстаўніца сюррэалізму, яна назаўсёды засталася ў гісторыі мастацтва адразу некалькіх краін і ўсяго сьвету.

Надзея Хадасевіч-Лежэ называла сябе вучаніцай розных сусьветна вядомых мастакоў — Малевіча, Стшаміньскага, Лежэ і іншых. Аднак у чым жа была яе ўласная арыгінальнасьць?

Н.
Н. Хадасевіч. Аўтапартрэт. 1936 г. З кнігі "Suprematisme de Nadia Khodossievitch-Leger" (1972) Фота: архіў Караліны Зыховіч

Караліна Зыховіч, супрацоўніца варшаўскай Нацыянальнай галерэі мастацтва Zachęta, суарганізатар выстаўкі твораў Н. Хадасевіч-Лежэ ў Музэі сучаснага мастацтва ў Лодзі: Толькі пад канец жыцьця яна адкрыла для сябе новы жанр у мастацтве — мазаікі. І лічыла іх тым стылем, які шукала на працягу ўсяго жыцьця. І гэтыя мазаікі зьяўляюцца нібы падсумаваньнем яе творчасьці. Гэта партрэты. Мастачка мела вялікую здольнасьць да стварэньня партрэтаў і аўтапартрэтаў. Звычайна мазаікі ствараюцца для публічнай прасторы, для вялікай колькасьці асоб. Яны звычайна не адлюстроўваюць партрэтаў канкрэтных асоб. А Надзя стварыла мазаічныя патрэты для публічнай прасторы. І выкарыстала падчас іх стварэньня вопыт абстракцыяністаў. Так зьявіліся партрэты Казіміра Малевіча і іншых асоб. Гэты вельмі прыгожыя мазаікі, бо Надзя супрацоўнічала з майстрамі па мазаіцы з Равэнны. І мазаікі Лежэ, якія знаходзяцца ў Расеі або ў Беларусі, дзе клімат больш “шэры”, чым у Італіі, захапляюць сваімі колерамі.

Партрэт
Партрэт Марка Шагала -- мазаіка работы Н. Хадасевіч-Лежэ. З экспазыцыі музэю ў Зембіне (Барысаўскі раён) Фота: Караліна Зыховіч

Надзея Лежэ стварала вельмі цікавыя аўтапартрэты, якія моцна адлюстроўвалі яе творчую індывідуальнасьць.

Я б хацела асабліва адзначыць “Шэры аўтапартрэт” 1941 году, які выкарыстаны ў рэкляме выстаўкі Надзі Лежэ, што цяпер адбываецца ў Лодзі, у Музэі сучаснага мастацтва.

І заўсёды, калі мы глядзім на гэтыя аўтапартрэты Лежэ, то бачым на іх незвычайна моцную жанчыну. Гэта жанчына, якая паходзіла зь беднай сям’і, але ўсяго дасягнула сама. Яна мела незвычайныя здольнасьці, была надзвычай разумная. Яна стварыла некалькі музэяў, у тым ліку музэй Фэрнана Лежэ на поўдні Францыі.

Гэта жанчына многа зрабіла для некалькіх народаў.

Партрэт
Партрэт Уладзіміра Леніна -- мазаіка работы Н. Хадасевіч-Лежэ. З экспазыцыі музэю ў Зембіне (Барысаўскі раён) Фота: Караліна Зыховіч

Самы першы музэй, які стварыла Надзя Лежэ — гэта Музэй сучаснага мастацтва ў Лодзі, дзе цяпер праходзіць выстаўка яе твораў. Але Надзея ніколі не дзейнічала адна.

Караліна Зыховіч: Музэй у Лодзі Ванда Хадасевіч-Грабоўска, як яна сябе тады называла, стварала разам зь Янам Бжанкоўскім, Хэнрыкам Стажэўскім, са сваім тагачасным мужам Станіславам Грабоўскім. І мы вельмі рады, што цяпер у гэтым музэі адбываецца выстаўка мастачкі. Дарэчы, тут знаходзіцца адзіная ў Польшчы алейная карціна Ванды Хадасевіч-Грабоўскай. Увогуле, гэта ўнікальная карціна. Бо з таго, польскага пэрыяду яе жыцьця, захавалася вельмі мала твораў.

Трэба адзначыць, што Ўладыслаў Стшаміньскі, які ініцыіраваў стварэньне музэю ў Лодзі, добра выкарыстаў арганізатарскія здольнасьці мастачкі.

Караліна
Караліна Зыховіч на адкрыцьці выстаўкі ў Лодзі "Чырвоная матэрыя. Надзя Лежэ" (25 траўня 2018 г.) Фота: A. Taraska-Pietrzak, Muzeum Sztuki w Łodzi, facebook.com/karolina.zychowicz

Аднак, чытаючы шмат артыкулаў на тэму лодзінскай калекцыі, я была ўражана тым, што часам Ванду ўспаміналі, а часам не. Я задавалася пытаньнем, чаму? Магчыма, таму, што яна не належала да групы AR, зь якой часьцей за ўсё зьвязваецца гэта калекцыя. У любым выпадку, я лічу, што Ванду Хадасевіч-Грабоўску трэба заўсёды ўспамінаць як асобу, якая брала ўдзел у стварэньні гэтага музэю. І спадзяюся, што пасьля цяперашняй выстаўкі ў Лодзі ніхто яе ня будзе ніколі ігнараваць.

Альбом
Альбом твораў Н. Хадасевіч-Лежэ "Suprematisme de Nadia Khodossievitch-Leger", выдадзены ў Францыі ў 1972 г. Фота: архіў Караліны Зыховіч

Большая частка спадчыны Надзеі Хадасевіч-Лежэ знаходзіцца ў Францыі, прычым не ў музэях, а ў руках прыватных асоб. Перш за ўсё, у руках праўнучкі мастачкі Натальлі Самойлаў, калекцыянэра Жана дзю Шатэнэ, які, дарэчы пазычыў многа прац на выстаўку ў Лодзі.

Дзю Шатэнэ купіў фэрму Фэрнана Лежэ на поўначы Францыі і зьбіраецца там адкрыць музэй, у якім будзе паказваць працы Фэрнана і Надзі.

Караліна Зыховіч: У той час, як праходзіць выстаўка ў Лодзі, у Нармандыі, у мястэчку Пон-ль-Эвэк, экспануюцца іншыя працы Надзі Лежэ.

Што да Польшчы, то цяпер на рынку мастацтва зьявіліся творы з часоў вучобы Ванды Хадасевіч-Грабоўскай у варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў. Ведаю таксама, што адзін дрэварыт быў набыты ў калекцыю Нацыянальнага музэю ў Варшаве.

Тытульны
Тытульны аркуш кнігі Л. Дубенскай "Рассказывает Надя Леже" (Масква, 1981) Фота: архіў Караліны Зыховіч

Калі ж гаварыць пра Беларусь, то ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску ёсьць працы мастачкі, якія адсылаюць да супрэматызму ў стылі Казіміра Малевіча. Толькі гэта, на жаль, не алейныя карціны, а графіка.

Ну і, натуральна, раю ўсім пабываць у Зембіне, дзе знаходзяцца вельмі прыгожыя мазаікі. Увогуле, там знаходзяцца вельмі цікавыя матэрыялы. І на месцы беларусаў я б перавезла гэтыя творы ў Менск, каб іх бачыла больш людзей. Бо калі я была ў Беларусі, то цяжка было дабрацца да Зембіна. Упрошвала кагосьці, каб завёз мяне аўтамабілем, бо аўтобусы там курсіруюць слаба...

Ванда
Ванда Хадасевіч-Грабоўска з дачкой Вандай. 1927 г. З кнігі Л. Дубенскай "Рассказывает Надя Леже" (Масква, 1981) Фота: архіў Караліны Зыховіч

Што да Расеі, то варта наведаць Дубна — горад за сто кілямэтраў ад Масквы. Там ёсьць два дамы культуры. У адным знаходзіцца каля дзесяці мазаік Надзі Лежэ. І яшчэ чатыры мазаікі знаходзяцца ў доме культуры “Октябрь” — чатыры партрэты савецкіх касманаўтаў. У самой Маскве захоўваецца партрэт Маякоўскага ў музэі Маякоўскага. Яшчэ адна алейная карціна знаходзіцца ў музэі Пушкіна. Дзьве мазаікі знаходзяцца ў цэнтры сучаснага мастацтва. А таксама мноства матэрыялаў пра Надзею Хадасевіч-Лежэ ёсьць у Расейскім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва. Тут захоўваюцца яе фотаздымкі, у прыватнасьці, фота з арганізаванай мастачкай выстаўкі твораў Фэрнана Лежэ ў Маскве ў 1963 годзе. Таксама там можна ўбачыць матэрыялы пра сувязі мастачкі з савецкім міністрам культуры Кацярынай Фурцавай, пра сяброўства зь Ліляй Брык. Адным словам, многа цікавых матэрыялаў.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт