Logo Polskiego Radia
Print

У Менску ўсталявалі дошку ў гонар братоў Луцкевічаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.03.2018 08:17
Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Антон Луцкевіч Антон Луцкевіч By nieznany - http://www.nn.by/photos/s-5/luckewicz_fota090128.jpg, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=22885022

У менскім парку імя Янкі Купалы ўсталявалі памятны знак у гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці Антона й Івана Луцкевічаў. Адкрыцьцё дошкі адбудзецца 13 сакавіка а 11-й гадзіне, паведаміла стрыечная ўнучка братоў Луцкевічаў Маргарыта Пярова са спасылкай на паведамленьне Менгарвыканкаму.

Усталяваньне мэмарыяльнай дошкі адбылося ў выніку кампрамісу менскіх уладаў і аргкамітэту па сьвяткаваньні 100 год БНР. На паседжаньні аргкамітэту 26 лютага старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ўлады Менску будуць рыхтаваць адкрыцьцё памятнага знаку братам Луцкевічам у раёне парку Янкі Купалы, калі апазыцыя пагодзіцца на мітынг-канцэрт 25 сакавіка на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру.

Таксама 1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. На наступны дзень, 2 сакавіка, на краўдфандынг-пляцоўцы „Талака” неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў сабралі трохі больш як за 3 гадзіны.

Да Другой усясьветнай вайны на месцы парка Янкі Купалы была жылая забудова. Браты Луцкевічы пераехалі ў Менск зь Лібавы ў 1896 годзе й жылі на тагачаснай Садовай вуліцы. Тут, каля цяперашняга Купалаўскага музэю, стаяў дом сям’і Луцкевічаў.

Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Антон Луцкевіч быў адным зь ініцыятараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году, паводле якой дзяржава абвясьціла сваю незалежнасьць.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт