«Зьяжджаючы за мяжу, ты не ўцячэш ад самога сябе», – кажа аўтар раману «Прытулак» Зьміцер Кустоўскі. Беларускі журналіст напісаў кнігу пра прыгоды поўнага супярэчнасьцяў і бунтарскага духу палітычнага актывіста, які ўхапіўся за магчымасьць эміграваць. На старонках захапляльнага дэтэктыву прамінаюць эўрапейскія гарады, бары, рок-канцэрты, футбольныя матчы, бойкі, крымінальныя авантуры, у якія мімаволі ўвязваецца малады чалавек. Кнігу, якая нядаўна выйшла ў менскім выдавецтва «Галіяфы», у Варшаве прадставіў аўтар Зьміцер Кустоўскі пры ўдзеле музыкі Аляксандра Салдаценкі.
Аляксандар Салдаценка
Зьміцер, скажыце, калі ласка, пра што вы напісалі гэтую кнігу. Як сёньня было сказана на прэзэнтацыі, «Прытулак» – гэта першая кніга, якая апісвае сацыяльны фэномэн беларускіх мігрантаў, каторыя выехалі з краіны пасьля чарговага палітычнага катаклізму.
Зьміцер Кустоўскі: Гэта ня першая кніга на эмігранцкую тэму, але адна зь першых. Тэма мне цікавая, бо я сам маю эмігранцкі бэкграунд. Я дадаў у кнігу нешта ад сябе, нешта ад людзей, зь якімі я праводзіў час некалькі гадоў таму. Галоўны герой – гэта малады мігрант, які прывык вырашаць праблемы актыўна й радыкальна. З-за гэтага ён трапляе ў не заўсёды прыемныя сытуацыі. Мой раман – гэта ня кніга лірычных філязофскіх разважаньняў. Гэта прыгоды. Я паказваю сьвет мігранта вачыма крыху радыкальнага хлопца – максымаліста, бунтара.
«Настаўнікі, школьны дырэктар, участковы хацелі, каб Алег як мага хутчэй скончыў школу, сышоў у войска, паступіў хоць куды, але каб толькі зьнік і не псаваў прыгожую міліцэйскую статыстыку па раёне. Заўсёды на яго вешалі нейкія дробязі, з-за якіх яго ў выніку лічылі страшэнным хуліганам. Ну вось цяпер зьехаў – ці радуюцца яны там у школе й райадзьдзеле?»
Але герой вашай кнігі зусім не ідэальны. Гэта чалавек, які вырашыў «адкасіць» ад арміі, зьехаўшы за мяжу, чалавек, які ўвязваецца ў крымінальную гісторыю перавозу наркотыкаў, у акцыю разгрому амбасады, бо тая асацыюецца з уладамі, якія сапсавалі яму жыцьцё. Наколькі гэты лірычны герой падобны на вас? Наколькі шмат такіх людзей сярод мігрантаў?
Зьміцер Кустоўскі: Вельмі важны момант заключаецца ў тым, што я не называю краіну паходжаньня галоўнага героя. Я пішу, што ён зьехаў з Краю. Наконт радыкальнасьці людзей – магу сказаць, што пару такіх асобаў я дакладна сустракаў. Яны паслужылі прататыпам для майго героя. Зь некаторымі з гэтых людзей я згубіў кантакт, з некаторымі – захаваў. Але такіх людзей я дакладна ведаю. У мяне не было праблемаў з законам, але галоўнага героя я вырашыў надзяліць рысамі бунтароў. У нечым яны мяне натхнілі.
«Дзяўчына стаіць ужо з паўгадзіны – столькі ж, колькі і Алег, які патануў у сабе. Ён мог бы так стаяць да заўтра, сьпяшацца не было куды [...]. Усе кагосьці чакаюць, і толькі ён, самотны, стаіць бяз мэты…»
Можна сказаць, што вашая кніга – пра людзей, якія ня могуць знайсьці сябе – ані дома, ані за мяжой. Наколькі вы востра адчувалі праблему адаптацыі? Наколькі востра яе адчувалі вашыя знаёмыя? Наколькі вам было цяжка знайсьці сабе месца за мяжой?
Зьміцер Кустоўскі: Адзін з галоўных мэсэджэў кнігі – «ты можаш зьехаць кудысьці, але свае праблемы ты перавязеш з сабой». На прыкладзе не да канца сфармаванага чалавека, якому 19 гадоў, гэтая ідэя бачная найбольш яскрава. Ён выехаў, а пасьля шкадаваў. Магчыма, яму было б лепш, калі б ён застаўся. Але ён прыняў рашэньне й спрабуе ісьці да канца.
Напэўна, вы пісалі сваю кнігу для людзей зь Беларусі. Чаму чалавек зь Беларусі, які ня мае досьведу эмігранцкага жыцьця, павінен прачытаць гэтую кнігу?
Зьміцер Кустоўскі: Шмат хто ў Беларусі нават ня ведае пра эмігрантаў, пра тых, хто атрымлівае статус уцекача за мяжой. А ў мяне было шмат такіх знаёмых. Пэўны час мне здавалася, што іх вельмі шмат. Я ня мог зразумець, адкуль у Польшчы зьявіліся ўсе гэтыя актывісты, пра якіх я ў Беларусі нічога не чуў. А прыяжджаеш у Варшаву – паўсюль сустракаеш уцекачоў. Мяне гэта вельмі зьдзівіла. У выніку я апісаў тыпавы вобраз людзей, якіх вельмі шмат прыяжджае зь Беларусі. Гэта сапраўды сацыялягічны фэномэн. Калі праглядзець статыстыку апошніх 15 гадоў, то такіх людзей набярэцца больш за тысячу. Аднак сярод іх ад рэжыму пацярпелі не настолькі многа людзей. Пра гэты фэномэн я вырашыў па-мастацку распавесьці.
Я б не сказаў, што майму герою нешта сапраўды пагражала. Ён скарыстаўся магчымасьцю. Яму падказалі, як найвыгадней прадставіць сваю гісторыю, каб атрымаць прытулак. У жыцьці адбываецца тое самае. Часта атрымліваюць прытулак людзі, якія невядома за што пацярпелі.
Якое месца ўвогуле ў кнізе займае палітыка? Гэта хутчэй сацыяльная драма, чым палітычны трылер?
Зьміцер Кустоўскі: Я б сказаў, што гэта сацыяльная драма на фоне палітычных дэкарацыяў. У кнізе дамінуе не палітыка, а гісторыя чалавека.
А чаму вы вырашылі напісаць гэтую кнігу? Вы адчувалі патрэбу распавесьці свой уласны досьвед, ці вы палічылі гэтую тэму надзвычай важнай?
Зьміцер Кустоўскі: І першае, і другое. Мне захацелася апісаць складанасьці, зь якімі я сутыкнуўся. А па другое, тэма зьяўляецца актуальнай. Шмат хто зь беларусаў цяпер жадае «зваліць», зьехаць, эміграваць. Іншае пытаньне ў тым, што шмат хто спадзяваўся ўбачыць у кнізе філязофскія разважаньні, але мяне больш цікавяць прыгоды. Гэтыя разважаньні, тое, як герой бачыць сьвет, паказана праз яго ногі – праз тое, у якія сытуацыі трапляе герой, як ён іх вырашае. Тэма актуальная, але формы яе раскрыцьця могуць быць розныя.
Размаўляў Аляксандар Папко