Кітайская кампанія Drex Food Group намераная стварыць у Віцебскай вобласьці буйную малочную фэрму, якая будзе працаваць паводле найноўшых заходніх тэхналёгіяў. Ці вялікія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, створаныя за замежныя грошы, нарэшце зробяць беларускі аграрны сэктар прыбытковым? Ці дапамогуць яны спыніць масавы адток вясковага насельніцтва ў гарады? На гэтую тэму мы размаўляем з экспэртамі з галіны сельскай гаспадаркі Пятром Мігурскім і дасьледчыкам беларускіх рэгіёнаў Рыгорам Астапенем.
Больш за 200 мільёнаў даляраў намераны ўкласьці кітайскі вытворца малака Drex Food Group у пабудову малочнай фэрмы ў Віцебскай вобласьці. Комплекс павінен быць разьмешчаны на тэрыторыі ў 45 гектараў у Талачынскім і Сеньненскім раёнах. Кітайскае прадпрыемства намерана паставіць на новы комплекс галяндзкае ды ізраільскае абсталяваньне, а ўсю прадукцыю адпраўляць на экспарт. 28 сьнежня дырэктар кітайскай кампаніі Дай Шывэй прыехаў у Віцебск, каб падпісаць інвэстыцыйную дамову з уладамі рэгіёну.
Перамовы наконт стварэньня на Віцебшчыне малочнай фэрмы вяліся на працягу многіх месяцаў. Дамова аб пабудове першай чаргі комплексу была падпісаная яшчэ напрыканцы жніўня.
Комплекс настолькі маштабны, што для яго рэалізацыі спатрэбілася аб’ядноўваць участкі ў двух раёнах – заявіў тады намесьнік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Алег Мацкевіч.
Колькі жывёлы будзе ўтрымлівацца на новым комплексе, пакуль невядома, аднак гігантаманія ў сельскай гаспадарцы супрацьпаказана – заўважае эканаміст і адмысловец у аграрнай галіне Пётр Мігурскі.
Пётр Мігурскі: Калі кармленьне жывёлы на малочна-таварнай фэрме прадугледжвае выпас, то аптымальны памер фэрмы павінен складаць 400 кароваў. Дапускаецца статак і ў 800. Мне даводзілася працаваць і на фэрмах з 1600, і з 200 галовамі жывёлы. Але тады ўжо ўзьнікае напружанасьць – у тым ліку і экалягічнага характару.
За апошнія 25 гадоў колькасьць вясковага насельніцтва ў Беларусі скарацілася больш чым на 30%, а ў Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласьцях вясковых жыхароў стала амаль у 2 разы менш. Асноўная прычына дэпапуляцыі вёскі – адсутнасьць працоўных месцаў з годнымі заробкамі.
У беларускім аграрным сэктары назіраецца парадаксальная сытуацыя – зазначае Пётр Мігурскі. Працоўных рук пачынае востра не хапаць, а заробкі ўсё роўна застаюцца вельмі нізкімі.
Пётр Мігурскі: 30 гадоў таму нагрузка на даярку была 25 галоваў. А цяпер, нават улічваючы аўтаматызацыю, нагрузка павялічылася ў разы. Нядаўна даярка скардзілася мне, што яна адна абслугоўвае 400 кароваў, працуе без напарніцы й без выходных.
Ці можа стварэньне вялікіх сучасных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў даць людзям годныя зарплаты й спыніць абязьлюдзеньне вёскі? Заробкі на асобных прадпрыемствах павысіць магчыма, але аграгіганты не спыняць выезду людзей з сельскай мясцовасьці – кажа экспэрт.
Пётр Мігурскі: Магу прывесьці прыклад Шклоўскага раёну, дзе пабудавалі комплекс на 1200 галоваў дойнага статку. Комплекс вельмі добры, з сучаснымі тэхналёгіямі. Аднак пры гэтым закрылі дробныя фэрмы на тэрыторыі, дзе пражывала 1000 чалавек працаздольнага насельніцтва. Куды яны падзеліся? Нікуды! Яны разьбегліся, а нехта, дарэчы, патрапіў і ў турму.
Акрамя таго, імпарт перадавых заходніх тэхналёгіяў у беларускую аграрную сфэру можа не прынесьці спадзяванага павышэньня прадукцыйнасьці – папярэджвае Пётр Мігурскі. Праблема крыецца ў нізкай кваліфікацыі працоўнай сілы. Беларускія рабочыя, асабліва на жывёлагадоўчых комплексах, ня ў стане на 100% выкарыстоўваць сучасную сельскагаспадарчую тэхніку.
На думку эканаміста, аптымальнае рашэньне праблемы беларускага аграрнага сэктара – гэта яго разьняволеньне й разьвіцьцё малых і сярэдніх фэрмэрскіх гаспадарак. Яны могуць стварыць месцы працы ва ўсіх сельскіх рэгіёнах, а ня толькі ў асобных кропках. Акрамя таго, самастойныя прыватныя прадпрыемствы нарэшце вырашаць праблему хранічнай стратнасьці беларускай сельскагаспадарчай вытворчасьці.
Пётр Мігурскі: Досьвед Захаду, дзе падставай сельскай гаспадаркі зьяўляюцца асобныя фэрмэры, якія аб’ядноўваюцца ў асацыяцыі і каапэратывы, у нас не выкарыстоўваецца. А дарма. Менавіта таму мы ня бачым патоку замежных інвэстыцыяў у сельскую гаспадарку Беларусі.
Да прапановаў Пятра Мігурскага скептычна ставіцца дырэктар Цэнтру новых ідэяў Рыгор Астапеня. На працягу апошняга году яго дасьледчая ўстанова апублікавала шэраг аналітычных артыкулаў, прысьвечаных праблемам беларускіх рэгіёнаў. На думку экспэрта, людзей, здольных ствараць фэрмэрскія гаспадаркі, у беларускіх рэгіёнах ужо практычна не засталося. Таму альбо ўлады будуць ствараць працоўныя месцы на вялікіх прадпрыемствах з замежным капіталам, альбо ня будуць іх ствараць увогуле.
Рыгор Астапеня: Зразумела, пабочным эфэктам значных інвэстыцыйных праектаў будзе зьнікненьне працоўных месцаў у нейкіх мясцовасьцях. Але ўлады ня маюць выбару. Альбо яны будуць ствараць працоўныя месцы ў асобных кропках, альбо ня будуць ствараць іх наогул. Безумоўна, нэгатыўныя наступствы будуць, але гэта адзіны шанец хоць неяк дапамагчы сельскім рэгіёнам.
Незалежна ад таго, прыйдуць у беларускі аграрны сэктар замежныя інвэстары ці не, вясковае насельніцтва Беларусі будзе працягваць скарачацца – мяркуюць экспэрты. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы й вёскі будуць канцэнтравацца вакол вялікіх транспартных шляхоў і гарадоў. Замежныя інвэстары могуць дапамагчы стварыць хоць нейкія працоўныя месцы ў правінцыі. А лепшых варыянтаў ва ўладаў ужо не засталося – падсумоўвае Рыгор Астапеня.
Аляксандар Папко