Допінгавы скандал са зборнай Расеі – магчыма, не апошні
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.12.2017 15:39
Больш за 1000 спартоўцаў удзельнічалі ў створаных дзяржавай допінг-схемах, а іх стваральнікі дагэтуль кіруюць расейскім спортам.
pixabay.com/Public Domain/CC0
Дыскваліфікацыя расейскай зборнай з Зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане стала вынікам допінгавага расьсьледаваньня, якое доўжылася больш за 3 гады – піша газэта Rzeczpospolita.
Распрацаваныя расейскімі чыноўнікамі схемы допінгу ўпершыню былі прадэманстраваныя публіцы нямецкім дакумэнталістам Хаё Сэпэльтам. Яго фільм «Таемны допінг. Як Расея стварае пераможцаў» быў паказаны на тэлеканале ARD у сьнежні 2014 году. Пра сыстэматычнае ўжываньне допінгу ў стужцы заявілі лёгкаатлеткі Юлія Сьцяпанава, Яўгенія Пячэрына і Марыя Савінава. Свае паказаньні даў і шэф Расейскага антыдопінгавага агенцтва Нікіта Камаеў, а таксама яго папярэднік на гэтай пасадзе Вячаслаў Сінеў. Абодва пазьней нечакана памерлі ад сардэчнага прыступу.
Напрыканцы 2015 году Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва апублікавала вынікі ўласнага расьсьледаваньня. Выснова была адназначнай: Расею трэба выключыць з Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.
Асьцерагаючыся «нечаканай» сьмерці, наступны кіраўнік расейскага антыдопінгавага агенцтва Рыгор Родчанкаў уцёк у ЗША і пачаў даваць паказаньні. У 2016 годзе Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва апублікавала вынікі новага сьледзтва. Яно раскрыла маштаб махінацыяў падчас зімовай Алімпяіды ў Сочы. Згодна з дадзенымі агенцтва, больш за 1000 спартоўцаў з 2011 па 2015 гады карысталіся з арганізаванай Мінспортам сыстэмы ўжываньня допінгу.
Расейскія ўлады вырашылі не забараняць «чыстым» спартоўцам удзельнічаць у Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам. Уладзімер Пуцін нават часткова прызнаў віну Расеі. Крэмль ня хоча, каб скандал з допінгам пайшоў далей – мяркуе газэта Rzeczpospolita. Летам у Расеі будзе праходзіць Чэмпіянат сьвету па футболе. Аднак асобы, якія кіравалі дзяржаўнымі допінг-схемамі дагэтуль узначальваюць расейскі спорт. Так што скандал, які разразіўся напярэдадні зімовай Алімпіяды, можа быць не апошнім.
Rzeczpospolita/ап