Logo Polskiego Radia
Print

Мінэнэргіі Летувы: Менск і Росатам выкарыстоўваюць «чарнобыльскую тактыку»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.11.2017 13:41
«У выпадку аварыі, на эвакуацыю Вільні ў нас будзе ўсяго 2 гадзіны» - заявіў Жыгімантас Вайчунас.
Беларуская АЭС падчас будаўніцтва, восень 2017 году Беларуская АЭС падчас будаўніцтва, восень 2017 году Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Летува ўдзячная Польшчы за выразную пазыцыю, якая заключаецца ў тым, што Варшава не зьбіраецца купляць электраэнэргіі зь Беларускай АЭС. Пра гэта ў інтэрвію польскаму выданьню Dziennik Gazeta Prawna заявіў міністар энэргетыкі Летувы Жыгімантас Вайчунас. Міністар таксама зазначыў, што электрасеткі ў рэгіёне, дзе будуецца БелАЭС, сканструяваны так, што электраэнэргію з Астраўца можна пастаўляць у Эўрапейскі зьвяз толькі празь Летуву.

Тым часам Вільня рыхтуецца аддзяліцца ад энэргасыстэмы, якая спалучае яе зь Беларусьсю і Расеяй. Паралельна Летува гарманізуе свае электрасеткі з рынкам Эўрапейскага зьвязу. Прычым аддзяленьне ад расейскіх энэргетычных лініяў можа наступіць нават хутчэй, чым плянуе летувіскі ўрад. Апэратар расейскіх электрамагістраляў «Россети» заявіў, што гатовы перарваць спалучэньні з Летувой ужо ў будучым годзе.

Жыгімантас Вайчунас падкрэсьліў, што Летува супраціўляецца пабудове Беларускай АЭС з дзьвюх прычынаў: небясьпечнага разьмяшчэньня станцыі, а таксама адсутнасьці даверу да беларускіх і расейскіх уладаў.

«Як мы можам давяраць беларусам, калі яны без кансультацыяў з намі будуюць рэактары пад самай нашай мяжой? І як мы можам давяраць расейцам, калі яны зь верасьня маўчалі пра 1000-разовае перавышэньне нормаў утрыманьня рутэнія-106 на Ўрале? Гэта чарнобыльская тактыка. Што б не здарылася, яны маўчаць. Калі нешта здарыцца ў Астраўцы, у нас будзе ўсяго дзьве гадзіны на эвакуацыю Вільні», – падкрэсьліў міністар энэргетыкі Летувы.

Жыгімантас Вайчунас таксама зазначыў, што пагрозу для Вільні стварае ня толькі рызыка радыёактыўнага забруджваньня паветра, але і рызыка забруджваньня вады. Рэактары Астравецкай АЭС будуць ахалоджвацца вадой зь Віліі. «Калі нешта ў яе патрапіць, гэта адразу забрудзіць пітную ваду ў Вільні. Як мы можам мець давер да кагосьці, хто тыднямі не паведамляе, што ўраніў рэактар?» – пытаецца летувіскі міністар энэргетыкі.

Dziennik Gazeta Prawna/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт