Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ствараецца новая авіякампанія

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.11.2017 16:36
З-за дэфіцыту пілётаў на рынку яна прапануе капітану паветранага судна на пачатак 10 тыс. эўра прэміі.
Кейтэрынг у бізнэс-клясе на борце самалётуКейтэрынг у бізнэс-клясе на борце самалётуcommons.wikimedia.org/Jiang/public domain

Найбуйнейшая ў Эўропе нізкатарыфная авіякампанія Ryanair стварае польскае дачыннае прадпрыемства – чартарныя авіялініі Ryanair Sun. Ірляндцы, уваходзячы на рынак чартарных авіяперавозак, хочуць правесьці дывэрсыфікацыю свайго бізнэсу перад тым, як Вялікабрытанія пакіне Эўразьвяз. Старт авіякампаніі заплянаваны на летні турыстычны сэзон 2018.

На сёньняшні дзень 90% польскага рынку чартарных авіяперавозак дзеляць тры авіякампаніі: польская Enter Air, летувіская Small Planet Airlines i чэская Travel Service Airlines.

У сярэднім штогод за мяжу на адпачынак выяжджае каля 20% дарослых палякаў – гэта 4-5 млн чалавек. Паводле экспэртаў, рынак чартарных перавозак даволі аб’ёмны й яшчэ ёсьць месца для чарговага гульца.

Праз два гады ірляндзкая кампанія плянуе, што ў флёце Ryanair Sun будзе 20 самалётаў. Сярод базаў новай авіякампаніі называецца Варшава й Катавіцэ – менавіта аэрапорты гэтых гарадоў абслугоўваюць 70% польскіх чартарных рэйсаў.

З-за дэфіцыту пілётаў на рынку Ryanair плянуе перацягнуць іх ад канкурэнцыі й прапануе капітану паветранага судна на пачатак 10 тыс. эўра прэміі.

Ryanair – найбуйнейшая ў Эўропе й другая ў сьвеце (першая - амэрыканская Southwest Airlines) нізкатарыфная авіякампанія з галаўным офісам у Дубліне. У парку Ryanair – больш за 400 самалётаў Boeing 737-800, якія абслугоўваюць сотні паветраных трас у Эўропе.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт