Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускія спэцслужбы не гуляюцца за сьпіной Лукашэнкі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.11.2017 17:49
  • «Беларускія спэцслужбы не гуляюцца за сьпіной Лукашэнкі».mp3
Перабольшваньнем будзе лічыць, што арышт Паўла Шаройкі – гэта дывэрсія КДБ з мэтай сарваць адносіны Менска з Ўкраінай і Захадам.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Галоўныя беларускія палітычныя навіны апошніх 7 дзён былі зьвязаныя з міжнароднымі стасункамі. КДБ заявіў, што затрымаў украінскага шпіёна. Ўладзімер Макей выступіў з ініцыятывай выслаць беларускіх міратворцаў у Данбас, а ў Менск упершыню за чвэрць стагодзьдзя прыляцеў міністар замежных справаў Нямеччыны. Арышт карэспандэнта Ўкраінскага радыё – гэта абгрунтаваны крок ці правакацыя? Ці ў стане Беларусь адправіць «блакітныя каскі» ў Данбас? Навошта ў Менск прыехаў шэф нямецкай дыпляматыі? Гэтыя ды іншыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Адяксандар Папко і аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Беларускі КДБ – гэта не агентура Крамля

25 кастрычніка ў Менску па падазрэньні ў шпіянажы быў затрыманы карэспандэнт Украінскага радыё Павал Шаройка. 20 лістапада КДБ Беларусі заявіла, што ён зьяўляецца палкоўнікам украінскай выведкі, які стварыў агентурную сетку для «збору інфармацыі з вайскова-палітычнай сфэры на карысьць Украіны». Арышт Шаройкі – гэта сапраўды нэйтралізацыя шпіёна ці антыўкраінская правакацыя спэцслужбаў? Як затрыманьне карэспандэнта паўплывае на адносіны паміж Кіевам і Менскам? Ці зьвязанае яно з нядаўнім пацяпленьнем адносінаў паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам?

Андрэй Елісееў: Інфармацыі па гэтай гісторыі так мала, што пакуль можна толькі гадаць, ці сапраўды ён шпіёніў, альбо гэта працоўная ці надуманая вэрсія беларускага боку. У кожным разе відавочна, што гэта адмоўна адаб’ецца на беларуска-ўкраінскіх адносінах. Калі гаварыць пра тое, што гісторыя Шаройкі зьвязаная з адносінамі Беларусі й Эўразьвязу, то тады трэба усур’ёз дапускаць гульню беларускіх спэцслужбаў на карысьць Расеі за сьпінай Лукашэнкі. А гэта, на мой погляд, перабольшаньне.

Ці хопіць у Беларусі міратворцаў для адпраўкі ў Данбас?

Беларусь гатова паслаць сваіх міратворцаў у Данбас. Пра гэта 15 лістапада падчас візыту ў Маскву заявіў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Ці Беларускія вайскоўцы будуць нэйтральныя ў гэтым канфлікце, альбо яны будуць сымпатызаваць аднаму з бакоў? Ці пагодзіцца з высылкай беларускіх міратворцаў Украіна? І самае галоўнае: ці хопіць у Беларусі міратворцаў для выкананьня такой значнай задачы?

Андрэй Елісееў: Нэйтральнасць – адна з неабходных якасьцяў міратворчай місіі. Калі беларускія ўлады сапраўды маюць такі намер, яны мусяць нэйтральнасьць забясьпечыць. Але малаверагодна, што ўкраінскі бок пагодзіцца выключна на прысутнасьць беларускіх міратворцаў у Данбасе. Калі Масква дае зялёнае сьвятло гэтай ідэі, Кіеву натуральней пагадзіцца на міжнародны міратворчы кантынгент на падставе рэзалюцыі Савета Бясьпекі АНН. Праўда, ёсьць праблема ў тым, што Ўкраіна ня хоча бачыць расейскага міратворчага складніка. Але ж і абсалютнага даверу да Беларусі як краіне АДКБ і саюзьніку Расеі Кіеў ня мае. І сапраўды, яшчэ дадаюцца пытаньні пра вельмі невялікую колькасьць беларускіх міратворцаў і іх вельмі абмежаваны міжнародны вопыт падобнай дзейнасьці.

Нямеччыну ў Беларусі цікавіць Украіна

«Беларусь адкрывае новую старонку адносінаў з Германіяй, накіраваную ў лепшы бок» – заявіў 17 лістапада Аляксандар Лукашэнка сустракаючы ў Менску міністра замежных справаў Нямеччыны Зігмара Габрыэля. Кіраўнік нямецкай дыпляматыі прыехаў у Беларусь упершыню за 22 гады. Якія вельмі важныя для Нямеччыны тэмы маглі абмяркоўваць у Менску?

Андрэй Елісееў: Зараз для Нямеччыны ў зьнешнепалітычнай сфэры інтарэс да Беларусі зьвязаны нават болей з урэгуляваньнем канфлікту на Данбасе, чым уласна зь Беларусьсю. Хаця ў сьвятле нармалізацыі адносінаў Беларусі і ЭЗ ёсьць і канкрэтныя краінавыя пытаньні: фармат удзелу Беларусі ў Усходнім партнэрстве, мажлівы пачатак перамоваў пра заключэньне базавага прававога пагадненьня паміж ЭЗ і Беларусьсю, фіналізацыя перамоваў па спрашчэньні візавага рэжыму й рэадмісіі.

Завод Geely: не сьпяшаемся радавацца, пачакаем два гады

«Мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыцьцявілася», – паведаміў кіраўнік Беларусі 17 лістапада, адчыняючы пад Барысавам завод поўнай зборкі кітайскіх аўтамабіляў Geely На ім плянуюць выпускаць каля 60 тысячаў машынаў у год. Ці стане гэты завод прарывам у галіне новых тэхналёгіяў?

Андрэй Елісееў: Баюся, што лёс прадпрыемства можа апынуцца не такім радасным, як раней ужо адбывалася з шэрагам беларускіх праектаў з кітайскім фінансаваньнем кшталту цэмэнтаваых заводаў. Толькі праз пару год будзе ясьней сытуацыя з якасьцю прадукцыі й попытам на яе. Калі казаць пра вытворчасьць электрамабіляў Geely, то празь некалькі год для Беларусі стане вельмі актуальным пытаньне, куды падзець энэргію з Астравецкай атамнай электрастанцыі, і могуць з’явіцца канкурэнтныя вытворчасьці электрамабіляў.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт