Logo Polskiego Radia
Print

Армія й праэстоўцы «пераконваюць» Мугабэ падаць у адстаўку

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.11.2017 16:01
Тысячы маніфэстантаў патрабуюць адстаўкі зімбабвійскага дыктатара, якога армія пасадзіла пад хатні арышт.
PAP/EPA/KIM LUDBROOK

Армія Зімбабвэ спыніла ўдзельнікаў маніфэстацыі, якая рухалася ў кірунку рэзыдэнцыі прэзыдэнта Робэрта Мугабэ ў сталіцы краіны Харарэ. Тысячы пратэстоўцаў патрабуюць адстаўкі галавы дзяржавы пасьля таго, як армія фактычна ўзяла ўладу ў краіне ў свае рукі.

Маніфэстанты скандуюць «Не дынастыі Мугабэ!» На вуліцах Харарэ стаяць бронетранспарцёры. Армейскае камандаваньне разьмясьціла іх там тры дні таму, калі пасадзіла 93-гадовага прэзыдэнта Зімбабвэ пад хатні арышт.

Генэралы дамаўляюцца з прэзыдэнтам аб яго мірным і «дабравольным» адыходзе ад улады. Аднак Мугабэ не жадае сыходзіць. Супраць шматгадовага дыктатара выступіла ўласная партыя ды армейскія вэтэраны, якія заўсёды былі апорай зімбабвійскага лідара.

Робэрт Мугабэ знаходзіцца пры ўладзе ўжо 37 гадоў. Тыдзень таму ён адправіў у адстаўку віцэ-прэзыдэнта Эмэрсана Мнанангава, а сваім пераемнікам прызначыў уласную жонку Грэйс. Гэта выклікала вайсковы пераварот. Армія, хутчэй за ўсё, жадае прымусіць Мугабэ адрачыся ад улады і перадаць яе Мнанангаве.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт