Апошнія 7 дзён у Беларусі прайшлі пад знакам 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама пад знакам Кастрычніцкага эканамічнага форуму. Колькі яшчэ 7 лістапада будзе заставацца чырвоным днём календара? Ці змогуць беларусы ператварыцца ў грамадзтва адважных бізнэсмэнаў? Што трэба зрабіць, каб школьнікі палюбілі вывучэньне беларускай мовы? Гэтыя ды іншыя тэмы мінулага тыдня абмяркоўваюць у «Палітычным люстэрку» Аляксандар Папко й палітоляг Максім Руст.
Сьвяткаваньне Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта сучасны фальклёр
7 лістапада споўнілася 100 гадоў з дня прыходу да ўлады бальшавікоў. У Беларусі, якая дагэтуль жыве пад чырвоным сьцягам, стагодзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначылі без асаблівага размаху. Пра юбілей прыгадвала толькі пара-тройка афіцыйных прамоваў, самотныя вулічныя транспаранты ды сэрыя настальгічных ролікаў на дзяржаўным ТБ. Затое кіраўнік Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў бальшавіцкую рэвалюцыю «экзыстэнцыяльнай катастрофай» і заклікаў замест 7 лістапада зрабіць выхадным днём Дзень усіх сьвятых – 1 лістапада. Калі ў Беларусі замест Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі выхадным днём сапраўды зробяць Дзяды?
Максім Руст: Я б не перабольшваў значэньне гэтага сьвята для Беларусі. Так, гэта вольны дзень і яно адзначаецца на дзяржаўным узроўні, але ягонае значэньне для грамадзкасьці – мінімальнае й маргінальнае. У ідэалы камунізму ніхто ўжо – можа акрамя некалькіх сотняў людзей па ўсёй краіне – ня верыць. Для большасьці насельніцтва, асабліва для моладзі, гэта «пшык», пусты гук. Таму я на гэтае сьвята гляджу як на сучасны фальклёр. Што тычыцца Дзядоў, то далёка не ва ўсіх дэмакратычных краінах гэта дзяржаўнае сьвята й вольны дзень.
Я лічу некарэктным казаць пра замену 7 лістапада на 1 лістапада. Перажытак мінуўшчыны сам адыдзе, а Дзяды будуць набіраць папулярнасьць самі, не па ўказцы зьверху. Ці яны стануць дзяржаўным сьвятам – пытаньне другаснае. Больш істотнае – гэта дэсаветызацыя грамадзкай прасторы й крытычнае асэнсаваньне найноўшай гісторыі. А да гэтага нам яшчэ далёка.
Нават айцішнікі ня ў стане разьвівацца без дэкрэту
2-3 лістапада ў Менску прайшоў Кастрычніцкі эканамічны форум. На прадстаўнічай канфэрэнцыі, дзе абмяркоўваліся шляхі рэформаў беларускай эканомікі, былы дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды прадставіў сваю новую кнігу «Таму што так вырашылі мы». У ёй Руды апісаў асноўныя рысы эканамічных паводзінаў беларусаў: нежаданьне супрацоўнічаць, баязьлівасьць, арыентацыя не на доўгую працу, а на хуткія вынікі. На думку эканаміста, беларусы з цяжкасьцю прымаюць рашэньні, арыентуюцца на савецкае мінулае й занадта спадзяюцца на дзяржаву. Хто вінаваты ў такіх устаноўках: самі беларусы ці такія ўстаноўкі выхоўвае дзяржава? Ці зьменяцца эканамічныя паводзіны беларусаў, калі адбудзецца дэмакратызацыя?
Максім Руст: У нас замкнутае кола. З аднаго боку, дапатопныя ўстаноўкі дзяржавы, а зь іншага – людзі, якія б можа й хацелі актыўна дзейнічаць, але яны жывуць у канкрэтных умовах, часам трэба проста пракарміць блізкіх. Адсюль і такія паводзіны. Але адказнасьць ляжыць на дзяржаве – гэта яна стварыла такія ўмовы.
Прыкладам можа паслужыць сам КЭФ, на якім амаль усе казалі, што чакаюць дэкрэту аб ПВТ. Зноўкі, па-першае, «чакаюць», а па-другое- «дэкрэту». Тое, што эканамічныя паводзіны беларусаў ва ўмовах дэмакратызацыі зьменяцца, не выклікае пытаньняў, гэта натуральны працэс. Але трэба, каб сапраўдная дэмакратызацыя і лібэралізацыя, хаця б толькі ў сфэры гаспадаркі, сапраўды пачалася.
На арышты Эўразьвяз адрэагуе «занепакоенасьцю»
У Беларусі набірае абароты новая хваля перасьледу грамадзкіх актывістаў. 3 лістапада Мікалая Статкевіча пакаралі 10 суткамі арышту за тое, што пасьля вызваленьня з аднаго з папярэдніх арыштаў ля сьценаў турмы яго сустракалі сябры й журналісты. Судзьдзя Тацьцяна Матыль палічыла гэта несанкцыянаванай акцыяй. А вось паэта Уладзімера Някляева й грамадзкага актывіста зь Ліды Валерыя Мінца пакаралі за інтэрвію сайту «Хартыя 97’», дзе яны заклікалі людзей прыйсьці на мітынг. Ці Эўразьвяз уступіцца за людзей, якіх караюць арыштамі па абвінавачаньнях, што перайшлі межы абсурду?
Максім Руст: Улады добра засвоілі ўрокі «гарачай вясны»гэтага году. Цяпер яны дзейнічаюць прэвэнтыўна й кропкава. Рэпрэсуюць лідараў, якія ўяўляюць мінімальную патэнцыяльную пагрозу. Гэтая сытуацыя ёсьць выклікам і тэстам для ЭЗ, але я не думаю, каб рэакцыя Брусэля пайшла далей за дэклярацыі пра «занепакоенасьць» сытуацыяй. Абсурдныя ня столькі дзеяньні дзяржавы, колькі тое, што яны праводзяцца падчас «жэстачайшай лібэралізацыі». Кропкавыя дзеяньні і арышты апазыцыйных актывістаў ня зьменяць эканамічнага становішча Беларусі. У хуткім часе людзям увогуле не будуць патрэбныя лідары, каб выходзіць на вуліцу па сацыяльных, а не палітычных прычынах.
«Мяккая беларусізацыя» да школьнікаў не дайшла – але дойдзе
Беларускія школьнікі лічаць беларускую нецікавым і малаважным прадметам. Так вынікае з дадзеных апытаньня, якія 1 лістапада агучыла кампанія Satio. Беларускую мову як вельмі важны прадмет ацанілі толькі 27% беларускіх вучняў, тады як расейскую – 54%. Беларуская мова карыстаецца нашмат меншай павагай, чым замежная мова (47%), матэматыка (52%) й фізкультура (54%). Як гэтыя лічбы суадносяцца з працэсам «мяккай беларусізацыі», пра якую гавораць у апошні час? Як выправіць сытуацыю?
Максім Руст: Мяне гэтыя вынікі не зьдзіўляюць. «Мяккая беларусізацыя» адбываецца толькі тры гады. Цяжка чакаць, што ў сытуацыі, калі беларускай мовай грэбавалі на афіцыйным узроўні апошнія 20 гадоў, яе становішча хутка зьменіцца. Так, гэтыя лічбы – гэта ганьба. Але добра, што ёсьць і гэтыя 27%,. Магло быць і горш. Я думаю, «мяккая беларусізацыя» будзе адбывацца перш за ўсё ў асяродзьдзі моладзі, таму становішча беларускай мовы будзе, хоць і ня хутка, але паступова паляпшацца.
Размаўляў Аляксандар Папко