Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусі ня трэба бяздумна капіяваць ідэі ні з Эўропы, ні з Расеі, ні з Кітая»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.10.2017 21:22
  • «Беларусі ня трэба бяздумна капіяваць ідэі ні з Эўропы, ні з Расеі, ні з Кітая».mp3
Беларускі тэоляг і філёзаф Пётра Рудкоўскі прадставіў у Варшаве сваю новую кнігу, якую сам ахарактарызаваў як «спрэчную».
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Пётра Рудкоўскі – вядомы філёзаф, тэоляг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў – прадставіў у Варшаве сваю новую кнігу «Беларускія пытаньні ў кантэксьце эўрапейскіх адказаў» (Białoruskie pytania w kontekście europejskich odpowiedzi). У ёй беларускі інтэлектуал расказвае польскаму чытачу, пра што дыскутуюць беларусы ў XXI стагодзьдзі, як будуюць сваю нацыянальную самасьвядомасьць, як бачаць Эўрапейскі зьвяз. Пётра Рудкоўскі крытычна ацэньвае сытуацыю ў Эўропе, але лічыць яе галоўнай крыніцай ідэй, якія зьменяць беларускае грамадзтва да лепшага. Пра сваю новую кнігу Пётра Рудкоўскі распавядае Аляксандру Папко.

Спадар Пётра, раскажыце, калі ласка: зь якой мэтай вы напісалі гэтую кнігу і як яна зьявілася?

Пётра Рудкоўскі: Кніга паўстала ў рамках прэміі імя Льва Сапегі, якую я атрымаў у 2013 годзе «за набліжэньне Беларусі да Эўропы». Менавіта падчас уручэньня прэміі я даведаўся, што я нейкім чынам набліжаю Беларусь да Эўропы, бо да гэтага часу я не задумваўся, што раблю нешта такое. Прэмію я ўспрыняў як аванс. Я палічыў, што грунтоўны аналіз таго, што значыць эўрапеізацыя Беларусі стане апраўданьнем уручанай мне прэміі. Мне забясьпечылі побыт у пяці ўнівэрсытэтах па чарзе, кожны стаж доўжыўся два месяцы. Я атрымаў добрыя магчымасьці заняцца інтэнсіўнай інтэлектуальнай дасьледніцкай працай. Такім чынам была напісаная кніга «Беларускія пытаньні ў кантэксьце эўрапейскіх адказаў».

/


Вы вырашылі расказаць польскаму чытачу, што такое Беларусь і што значыць яе эўрапеізаваць. Дык што польскі чытач можа даведацца з вашай кнігі? Якія асноўныя ідэі вы хочаце данесьці да аўдыторыі?

Пётра Рудкоўскі: Ёсьць шэраг дэбатаў, якія сёньня актыўна вядуцца ў Польшчы. Гэта дыскусіі вакол таго, ці варта рабіць стаўку на ўзмацненьне нацыянальнага сувэрэнітэту, альбо лепш паглыбляць інтэграцыю ў структуры Эўразьвязу. Гэта дыскусіі вакол ролі рэлігіі ў грамадзтве, вакол фэмінізму й гендарных дасьледаваньняў, дапушчальнасьці абортаў. Думаю, польскаму чытачу будзе цікава даведацца, якім чынам аналягічныя дэбаты працякаюць у Беларусі й якім чынам у Беларусі выкарыстоўваецца эўрапейскі досьвед. Апісваючы гэтыя дэбаты, я ня ўстрымліваюся ад крытычных ацэнак, выражаю сваё меркаваньне наконт гэтых працэсаў.

У сваёй кнізе вы даволі правакацыйна выказваецеся наконт эўрапейскай ідэі ў Беларусі. Вы называеце людзей з праэўрапейскімі поглядамі ў Беларусі «культурнай меншасьцю». Калі яны знаходзяцца ў меншасьці, дык, можа, ніякай эўрапеізацыі праводзіць ня трэба? Можа, трэба аддаць Беларусь у сфэру расейскай цывілізацыі?

Пётра Рудкоўскі: Не, гэта зусім не тая лінія, якой я схільны ісьці. Няма такой каштоўнасьці, якая не была бы на пачатку сваёй гісторыі падтрыманая толькі меншасьцю грамадзтва. Каштоўнасьцяў нельга выводзіць з сацыялягічных фактаў. Гэта зусім розныя сфэры. Каштоўнасьці – гэта тое, за што мы самі нясем адказнасьць як свабодныя людзі. Іншае пытаньне – гэта якія каштоўнасьці Заходняй Эўропы зьяўляюцца для нас важнымі. Вельмі важна іх крытычна асэнсаваць. Я зьяўляюся апанэнтам бяздумнага капіраваньня практыкаў, каштоўнасьцяў ці спосабаў мысьленьня як з Заходняй, так і Ўсходнай Эўропы ці Кітая. Вельмі важна самастойна асэнсаваць сваю сыстэму каштоўнасьцяў.

/


Як вы можаце прадказаць будучыню Беларусі? Дзе будзе яе месца: у структурах Эўразьвязу, інтэграцыйных структурах Расеі, альбо Беларусь стане «другой Швэйцарыяй», пра якую таксама марыць пэўная частка беларускага грамадзтва?

Пётра Рудкоўскі: На працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскі структуры не прадбачыцца. Пакуль Беларусь застанецца ў арбіце Расеі. Аднак ёсьць падставы меркаваць, што Беларусь будзе старацца аўтанамізавацца ў стасунку да Расеі. Магчыма, будзе разьвівацца рэгіянальнае супрацоўніцтва. Такія перадпасылкі бачныя ў суседніх краінах – Польшчы й Летуве. Вядома, гісторыя спараджае шмат сюрпрызаў, але калі пастарацца спрагназаваць сытуацыю чыста рацыянальна, то менавіта такія зьмены можна прадказаць.

У вашай кнізе таксама гучыць даволі правакацыйны тэзіс пра тое, што беларуская мова становіцца элемэнтам нацыянальнай сьвядомасьці. Вы лічыце, што клясычная нацыянальная ідэя, якая грунтуецца на гісторыі й культуры, перамагае ў Беларусі. Як гэта суадносіцца з сацыялягічным фактам, што ўсё менш і менш людзей у Беларусі ведаюць беларускую мову?

Пётра Рудкоўскі: Ёсьць пэўная праблема, зьвязаная з тым, што ўжо трэцяе пакаленьне беларусаў выхаванае ў расейскамоўным асяродзьдзі. Нават само паняцьце «матчына мова» ці «родная мова» для іх пазбаўлена зьместу, які б грунтаваўся на асабістым досьведзе. Але нават у Ірляндыі, дзе адбыўся нашмат больш глыбокі заняпад нацыянальнай мовы, мы бачым яе адраджэньне. Нешта падобнае мы назіраем у Беларусі. Людзі, якія знаходзяцца ў расейскамоўным асяродзьдзі, пачынаюць цікавіцца беларускай мовай. Вялікая папулярнасьць курсаў беларускай мовы сьведчыць пра тое, што для вяртаньня беларускай мовы ў публічную прастору спатрэбілася б няшмат часу. Больш за тое, самі беларускія ўлады, хоць нясьмела, але прызнаюць важнасьць нацыянальнай мовы.

/


Як вы прадставілі польскаму чытачу падзеі апошніх дзесяці гадоў у Беларусі? Ці можна сказаць, што сёньняшні беларускі рэжым – гэта тое самае, што было дзесяць, пятнаццаць ці дваццаць гадоў таму?

Пётра Рудкоўскі: Гістарычны ракурс ня быў ракурсам гэтай кнігі. Я прадставіў беларускую сыстэму каштоўнасьцяў на гарызантальнай плоскасьці, паказаў як яна ўспрымае эўрапейскую сыстэму каштоўнасьцяў. Але ў чытача можа паўстаць вобраз Беларусі як прасторы дынамічных пошукаў. Дэбаты, якія адбываюцца ў беларускай грамадзянскай супольнасьці, апісаныя даволі рэпрэзэнтатыўна. Таксама польскія чытачы змогуць даведацца, што беларускія ўладныя эліты не зьяўляюцца маналітам. Там таксама адбываюцца разнастайныя цікавыя працэсы.

Апошняе пытаньне: ці будзе вашая кніга перакладзеная на беларускую мову?

Пётра Рудкоўскі: Гэта найцяжэйшы прагноз, але я спадзяюся, што кніга будзе перакладзеная. Праўда, яе будзе патрэбна актуалізаваць і адаптаваць. Будзем шукаць магчымасьці выдаць яе ў Беларусі, бо дыскусіі вакол каштоўнасьцяў асабліва актуальныя для нашай краіны.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт