У Клецку ўшанавалі памяць загінулых польскіх памежнікаў (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
10.09.2017 16:56
Да верасьня 1939 году ў Клецку дыслакаваўся 9-ы батальён Корпусу аховы памежжа Польшчы.
У Клецку Менскай вобласьці адкрыты адноўлены помнік у гонар жаўнераў Корпусу аховы памежжа (Korpus Ochrony Pogranicza). Яны загінулі ў баях з Чырвонай Арміяй пасьля нападу Савецкага Саюзу на Польшчу 17 верасьня 1939 году. Перад урачыстасьцю ў мясцовым касьцёле прайшла імша.
Аднаўленьне стала магчымым дзякуючы намаганьням пасольства Польшчы ў Беларусі й мясцовай польскай дыяспары.
Намесьнік пасла Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас (Michał Chabros) сказаў карэспандэнту Польскага радыё, што Клецк – гэта адно зь нешматлікіх месцаў у Беларусі, дзе захавалася памяць пра польскіх памежнікаў, якія загінулі на службе. Дыплямат таксама зьвярнуў увагу, што празь некалькі дзён будзе адзначацца 93-я гадавіна стварэньня Корпусу аховы памежжа.
Корпус аховы памежжа (КАП) быў спэцыяльным ваенным фармаваньнем, створаным у 1924 годзе для аховы польскай усходняй мяжы. На тэрыторыі сучаснай Беларусі дыслакавалася некалькі падразьдзяленьняў КАП, у тым ліку ў Клецку – 9-ы батальён Корпусу аховы памежжа.
Зь гісторыяй КАП, у тым ліку фота- й кінахронікай, можна пазнаёміцца, прайшоўшы па гэтай спасылцы.
вс
фота: пасольства Польшчы ў Беларусі