Logo Polskiego Radia
Print

Кандытарская, створаная беларусамі, прызнаная найлепшай у Гданьску

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.08.2017 19:19
  • Кандытарская, створаная беларусамі, прызнаная найлепшай у Гданьску.mp3
Цукерняй году прызнаная кандытарская Le Délice, адкрытая менш за два гады таму сям’ёй Даўжэўскіх зь Менску.
Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне). Зьміцер Даўжэўскі, Вольга Даўжэўская і вядомая польская сьпявачка Сарса Маркевіч (пасярэдзіне). Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў сацсетцы Facebook.

Кандытарская, створаная сям’ёй маладых беларусаў, была названая найлепшай цукерняй-кавярняй году ў польскім горадзе Гданьску. Цукерня Le Délice ўпэўнена перамагла ў галасаваньні «Чэмпіёны смаку», арганізаваным мясцовай газэтай Dziennik Bałtycki. Званьне найлепшай цукерні году – гэта толькі першая прыступка да кандытарскага алімпу, Le Délice мае амбітныя пляны – кажуць уласьнікі кандытарскай Вольга і Зьміцер Даўжэўскія.

Кандытарская Le Délice разьмешчаная непадалёк ад цэнтру Гданьску – аднаго з самых буйных і папулярных сярод турыстаў гарадоў Польшчы. Стварылі яе напрыканцы 2015 году Вольга й Зьміцер Даўжэўскія – сям’я маладых беларусаў, якія прыехалі зь Менску. А ўжо менш чым праз два гады іх кандытарская перамагла ў конкурсе на званьне найлепшай цукерні польскага гораду. Цяпер Даўжэўскія рыхтуюцца прыняць удзел у польскіх агульнанацыянальных кулінарных спаборніцтвах і міжнародных конкурсах кандытараў.

Кандытарская
Кандытарская Le Délice ў Гданьску. Фота сям'і Даўжэўскіх.

Мара ствараць дэсэрты ў сям’і Даўжэўскіх была даўно. Яны паспрабавалі рэалізаваць яе ў Беларусі, але маруднасьць і назойлівасьць беларускіх чыноўнікаў, а таксама эканамічны крызыс прымусілі іх перанесьці свой невялікі бізнэс за мяжу.

Вольга Даўжэўская паводле адукацыі – інжынэр тэхноляг. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і Міжнародную кулінарную акадэмію ў Кіеве, наведвала курсы вядомых францускіх і бразыльскіх кандытараў.

Вольга займаецца стварэньнем дэсэртаў, а выпечкай, а таксама ўсімі адміністрацыйнымі справамі займаецца яе муж Зьміцер – юрыст паводле адукацыі. Як кажуць сталыя кліенты цукерні Даўжэўскіх, яны робяць найлепшыя круасаны й францускія булачкі на ўсім польскім узьбярэжжы. Працоўны дзень уласьнікаў кандытарскай пачынаецца а 4 гадзіне раніцы й працягваецца аж да 20 вечара.

«Le délice» у перакладзе з францускай мовы азначае «асалода». Сям’я вырашыла адкрыць кандытарскую ў францускім стылі, таму што кандытарская школа гэтай краіны лічыцца найлепшай у сьвеце й «менавіта за ёй будучыня» – тлумачыць Зьміцер.

Дэсерт
Дэсерт «forêt noire». Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў Facebook.

Беларуска-француская кандытарская ў польскім Гданьску частуе гасьцей шакаляднымі тортамі, шакаляднымі й фруктовымі пірожнымі. Ёсьць у мэню й беларускія матывы. Le Délice – хіба што адзіная цукерня ў Польшчы, якая сама вырабляе зэфір.

Зьміцер Даўжэўскі: Галоўныя нашыя дэсэрты – гэта шакалядныя торты зь вішняй «forêt noire» («чорны лес»), труфэлі, а таксама экзатычныя пірожныя са смакам манга, маракуі ды банана. Акрамя таго, мы падаем сэзонныя дэсэрты – традыцыйныя польскія пірожныя «ягадзянкі» з чарніцай, мус на аснове маліны, чарніц, белага шакаляду з аліўкавым маслам, таксама мы падаем арэхавыя дэсэрты «каштан». Акрамя ўсяго, мы робім тое, чаго ў Польшчы не вырабляе ніхто – наш беларускі зэфір, які мы гатуем на месцы.

Гданьскі конкурс «Чэмпіёны смаку» (Mistrzowie Smaku) – ня першае спаборніцтва, у якім прымае ўдзел кандытарская сям’і Даўжэўскіх. У гэтым годзе Le Délice прыняла ўдзел у конкурсе Expo Sweet у Варшаве, дзе заняла 6 месца ў катэгорыі смаку, і 9 – у катэгорыі дэкарацыі тортаў.

Даўжэўскія мараць перамагчы ў агульнапольскім конкурсе і патрапіць на міжнародныя спаборніцтвы вытворцаў дэсэртаў.

Дэсерт
Фірмовы зэфір. Фота са старонкі кандытарскай Le Délice ў Facebook.

Зьміцер Даўжэўскі: Мы хочам заняць першае месца на Expo Sweet, бо гэта самы прэстыжны конкурс у Польшчы, які дае магчымасьць удзельнічаць у міжнародным кандытарскім конкурсе ў італьянскім Мілане.

Перад пераездам у Польшчу Зьміцер аналізаваў законы, якія датычаць вядзеньня малога бізнэсу, вучыў польскую мову. «Мова далася лёгка. Неабходнасьць вырашаць адміністрацыйныя пытаньні, справы, зьвязаныя з рамонтам памяшканьня, проста прымушаюць хутка навучыцца гаварыць па-польску. Цяжэй за ўсё вырашыцца на пераезд і радыкальна зьмяніць сваё жыцьцё», – прызнаецца кандытар. Рашэньне пераехаць у Польшчу было няпростым і таму, што Даўжэўскія выхоўваюць траіх малых дзяцей.

«Пераехаць у новую краіну, дзе цябе ніхто не чакае й не дапамагае, з трыма дзеткамі вельмі цяжка. Але мы гэта зрабілі, бо мы шлі да сваёй мары», – тлумачыць Вольга Даўжэўская.

Аднак выдаткі, якія зрабіла сям’я Даўжэўскіх, кампэнсаваліся нашмат лепшымі ўмовамі вядзеньня бізнэсу ў Польшчы – мяркуе Зьміцер.

Зьміцер Даўжэўскі: У Польшчы адчуваецца тое, чаго няма ў Беларусі – дзейнасьць рыначных мэханізмаў і павага да прыватнай уласнасьці. Калі ты ставіш перад сабой мэту, табе ня будуць перашкаджаць, ня будуць душыць праверкамі. Калі ты сапраўды нешта можаш прапанаваць на рынку, то вырашаць будуць кліенты – патрэбны ім твой прадукт ім ці не. Тут будуць працаваць рэальныя эканамічныя законы, а не загады плянавай эканомікі.

Фота
Фота з сайта кандытарскай Le Délice.


Кандытарская Le Délice паволі становіцца месцам, якая гуртуе выхадцаў зь Беларусі. Беларускім гасьцям тут рады – кажа Зьміцер Даўжэўскі. Уласьнікі цукерні гатовыя падзяліцца досьведам з тымі, хто нядаўна пераехаў у Польшчу, а турыстам – расказаць пра цікавыя мясьціны Гданьска й канешне, запрапанаваць пачастунак.

Зьміцер Даўжэўскі: Мы паціху становімся месцам, дзе зьбіраюцца мясцовыя мігранты. У Гданьску хапае беларусаў. Да нас прыходзяць сябры й знаёмыя, стараемся адзін аднаму дапамагаць – пачынаючы ад маральнай падтрымкі, заканчваючы парадамі па юрыдычных пытаньнях, парадамі тым, хто зьбіраецца прыехаць у Польшчу й простай дапамогай – напрыклад, пазычаем машыну падчас пераезду. Калі ёсьць магчымасьць, мы дапамагаем, не адмаўляем людзям.

Зьміцер і Вольга Даўжэўскія выказваюць вялікую падзяку ўсім беларусам, якія пранялі ўдзел у галасаваньні й падтрымалі землякоў. Яны запрашаюць турыстаў зь Беларусі й беларусаў Польшчы ў сваю кандытарскую, якую можна знайсьці на вуліцы Partyzantów у Гданьску.

Вольга
Вольга Даўжэўская на Sweet Expo 2017. Фота са старонкі кандытарскай у Facebook.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт