Каб стаць дэмакратычнай дзяржавай, Расеі неабходна будзе пераглядзець свае адносіны як з суседнімі народамі, так і з народамі ўнутры самой Расеі – заявіў у інтэрвію Польскаму радыё ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў. Адзін з самых вядомых палітычных аглядальнікаў нашага рэгіёну прыняў удзел у XIV Варшаўскай усходнеэўрапейскай канфэрэнцыі. Пра тое, якія гістарычныя працэсы адбываюцца ў сёньняшняй Расеі і ў Эўрапейскім зьвязе, а таксама пра тое, якія постсавецкія гарады становяцца па-сапраўднаму эўрапейскімі, Віталь Портнікаў расказвае Аляксандру Папко.
Спадар Віталь, вы неаднаразова заяўлялі, што імя прэзыдэнта краіны ня мае значэньня, «важныя толькі наяўнасьць грошай і гістарычны працэс». Якія, на вашую думку, гістарычныя працэсы адбываюцца ў Расеі, ад якой, у вялікай ступені, залежаць лёсы як Украіны, так і Беларусі?
Віталь Портнікаў: Гэта цяжка зразумець расейскім лібэралам, але тая Расея, якая існуе сёньня, калі яна хоча захаваць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць, павінна быць аўтарытарнай дзяржавай з дамінацыяй расейскага народу й расейскай культуры над усімі астатнімі этнасамі. Ніякага іншага шляху захаваньня Расеі ў яе цяперашніх межах не існуе. Але калі Расея захоча быць дэмакратычнай эўрапейскай краінай, калі жыхары Расеі захочуць даць расейскаму народу шанец разьвівацца, а ня жыць увесь час у ценю Сталіна, Пуціна ці некага яшчэ, то расейскаму народу прыйдзецца адмовіцца ад гэтай мадэлі. Яму трэба будзе адпусьціць іншыя народы – тыя, якія захочуць сысьці. Гэта неабходны й непазьбежны шлях. Альбо Расея застаецца такой, якая яна ёсьць, і намагаецца аплесьці суседзяў сваімі імпэрскімі шчупальцамі, альбо яна тэрытарыяльна распадаецца.
Калі гэта адбудзецца – я ня ведаю. Я ведаю толькі, што той расейскі калос, якога мы бачым сёньня, ніколі ня будзе разьвівацца. Ён будзе заўсёды перашкаджаць разьвіцьцю іншых. А разьвіцьцё можа пачацца толькі тады, калі адбудзецца перафарматаваньне Расеі – калі на прасторы Расейскай Фэдэрацыі ўзьнікнуць нармальныя, розныя незалежныя нацыянальныя дзяржавы.
У іх будуць абсалютна розныя цывілізацыйныя сьветы. Чачня мае іншы цывілізацыйны сьвет, чым цэнтральная Расея. І я вельмі не хачу, каб цэнтральная Расея стала Каўказам, таму, што мне дарагія Яраслаўль, Пскоў і Вялікі Ноўгарад. Я не хачу, каб яны канчаткова завязьлі ў сьвеце чужых цывілізацыяў. Такім жа чынам я ніколі не хацеў, каб Кіеў, Львоў ці Ужгарад патанулі ў сьвеце расейскай цывілізацыі. Я ня ведаю, чаму ў расейскіх людзей няма пачуцьця нацыянальнага самазахаваньня, чаму яны гатовыя прамяняць уласную годнасьць на імпэрыю.
Хацеў бы запытацца пра Эўропу, у якой мы з вамі знаходзімся. У самой Эўропе назіраецца аслабленьне веры ў Эўрапейскі зьвяз, страх перад мігрантамі. У якім кірунку ідзе кантынэнт?
Віталь Портнікаў: У тым самым, у якім ішоў раней. Мы назіраем сутаргі супраціву глябалізацыі, якая ўсё роўна пераможа. Так заўсёды было: як толькі чалавецтва пераходзіць на новы этап свайго разьвіцьця, кансэрватызм спрабуе гэты пераход спыніць. І гэты кансэрватызм – натуральны. Чалавек заўсёды хоча жыць так, як ён жыў дагэтуль, нават калі гэта немагчыма.
У бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі новыя тэхналёгіі, новыя выклікі й новыя небясьпекі зьмятуць гэты супраціў разам з палітыкамі, якія яго сымбалізуюць. Аднак супраціў будзе жорсткім, ён будзе прыводзіць да вельмі цікавых электаральных пад’ёмаў, няправільных рашэньняў і ахвяраў. Гэта ўсё будзе, але мінулае ў чалавечай гісторыі ніколі не перамагала будучыні. Гэтага не адбудзецца і ў гэты раз.
Падчас прэзэнтацыі сваёй новай кнігі «Эвара» ў Варшаве вы пералічвалі гарады, якія вы лічыце эўрапейскімі – аж Чарнаўцоў і Кіева да Трыеста й Марсэля. У чым заключаецца эўрапейскасьць гораду, і якія гарады на постсавецкай прасторы вы лічыце эўрапейскімі?
Віталь Портнікаў: На постсавецкай прасторы вельмі многа эўрапейскіх гарадоў. І гэта, дарэчы, не зьвязана са стылем кіраваньня. Многа эўрапейскіх гарадоў ёсьць ва Ўкраіне. Гэта і Львоў, і Чарнаўцы, і Івана-Франкоўск, і Ужгарад, і многія малыя гарады Галіччыны, Закарпацьця й Букавіны. Яны былі заўсёды прыкладамі эўрапейскага клімату: ўзаемаадносінаў людзей, іх інтарэсаў, культурнага жыцьця. Цяпер усё больш эўрапейскімі становяцца, безумоўна, Кіеў, Адэса й Днепр.
Калі казаць пра Беларусь, то я заўсёды верыў што эўрапейскім горадам зьяўляецца Горадня. Нават тады, калі я езьдзіў у яе ў савецкія часы, я бачыў, што пад савецкасьцю гэтага гораду яшчэ не перастала біцца эўрапейскае сэрца. Я бачыў эўрапейскі дух у вялікай колькасьці расейскіх гарадоў да прыходу Пуціна. Эўрапейскім станавіўся Пецярбург і асабліва Яраслаўль. І мне вельмі шкада, што той кашмар, які пачаўся ў Расеі спыніў гэтае разьвіцьцё. Гораду патрэбная цывілізацыя. Для таго, каб быў эўрапейскі горад, патрэбная эўрапейская краіна. Эўрапейскі горад без эўрапейскай краіны ператвараецца ў шэрую правінцыю.
Вы ведаеце, як нядаўна памерлы Данііл Гранін акрэсьліў Пецярбург? Ён сказаў, што гэта вялікі горад з абласным лёсам. Усе расейскія гарады, нават вялікія – гэта гарады з абласнымі лёсамі: і Яраслаўль, і Калінінград, і Пецярбург. У аўтарытарнай краіне разьвіваецца толькі сталіца – нібы монстар. Украінскія гарады перасталі быць гарадамі з абласнымі лёсамі. Кожны зь іх жыве сваім жыцьцём і мае свой сьвет. Вы не назавяце Адэсу горадам з абласным лёсам. І Днепр вы ўжо так не назавяце. Таму, што аказалася, што жыхары гэтага гораду ў крытычны момант могуць самі вырашаць свой лёс. Гэта вельмі важна. Такім чынам, калі ў стасунку да нейкага гораду вы можаце ўжыць вызначэньне Граніна, то гэта значыць, што гэты горад – не эўрапейскі.
Размаўляў Аляксандар Папко