Logo Polskiego Radia
Print

Польшча з году ў год павялічвае экспарт сваёй касмэтыкі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.07.2017 07:03
У мінулым годзе краіна прадала за мяжу касмэтыкі на 2 млрд 780 млн эўра.
pixabay.com/moritz320/Public Domain CC0

“Gazeta Polska Codziennie” паведамляе, што Польшча з году ў год павялічвае экспарт сваёй касмэтыкі. У мінулым годзе краіна прадала за мяжу касмэтыкі на 2 млрд 780 млн эўра, што складае 1,5% ад агулу польскага экспарту. Дарэчы, у замежныя краіны на меншую суму было прададзена абутку, вопраткі й фармацэўтычных вырабаў.

Калі ж казаць пра касмэтычныя вырабы, то гэта ня толькі айчынныя польскія брэнды, але й прадукцыя замежных канцэрнаў, якія маюць свае фабрыкі ў Польшчы. Польскія брэнды – гэта 25-30% агулу касмэтычнага экспарту.

Мяняецца таксама геаграфія паставак. Для прыкладу, у 2012 годзе найбольш касмэтыкі Польшча прадавала ў Расею, у “пятнаццатку” гандлёвых партнэраў уваходзіла Ўкраіна (4-е месца) і Казахстан (13-е). Сёньня Расея перасунулася на 3-е месца, Украіна – на 10-е, а Казахстан увогуле зьнікнуў са сьпісу.

Цяпер найбуйнейшымі пакупнікамі польскай касмэтыкі зьяўляюцца Вялікабрытанія й Германія, хоць польскія кампаніі пакрысе пачынаюць уваходзіць на экзатычныя рынкі. У якасьці прыкладу “Gazeta Polska Codziennie” прыводзіць Кітай, Індыю, Паўднёвую Карэю, Марока, Танзанію й ПАР.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт