«Гэтыя жаўнеры не атрымалі заслужанага прызнаньня й пашаны пры сваім жыцьці, таму мы павінныя вярнуць памяць пра іх хаця б іх нашчадкам», – заявіў у Варшаве беларускі гісторык Ігар Мельнікаў. У Музэі Войска Польскага ён прадставіў сваю новую кнігу «Адысея палешука». Кніга расказвае пра драматычны лёс беларусаў, якія ваявалі супраць гітлераўскай Нямеччыны ў шэрагах Польскіх узброеных сілаў на Захадзе. На прэзэнтацыі кнігі пабываў Аляксандар Папко.
«Адысея Палешука» – гэта кніга ўспамінаў ураджэнца Кобрыншчыны Паўла Нічыпарука. Як і дзесяткі тысячаў жыхароў Заходняй Беларусі, пасьля 1939 году ён быў арыштаваны савецкімі ўладамі й адпраўлены ў ГУЛАГ. Уратаваньнем для селяніна стала мабілізацыя ў армію генэрала Ўладзіслава Андэрса, якую летам 1941 году Сталін згадзіўся сфармаваць з грамадзянаў міжваеннай Польшчы, адпраўленых у лягеры і дэпартаваных у Сыбір.
Гісторык Ігар Мельнікаў і герой яго кнігі - беларускі "андэрсавец" Павал Нічыпарук
2 Польскі корпус пад камандаваньнем Андэрса быў эвакуяваны на поўдзень і стаў часткай брытанскай арміі. Разам зь ім Павал Нічыпарук прайшоў Блізкі Ўсход, Паўночную Афрыку, вызваляў ад нацыстаў Італію. Беларус прыняў удзел у жорсткай бітве пад Монтэ-Касіна, якая адчыніла саюзьнікам дарогу на Рым.
У шэрагах Польскіх узброеных сілаў на Захадзе ваявала каля 6 тысячаў беларусаў. Кожны пяты зь іх загінуў. А большасьць тых, хто выжыў, не змагла вярнуцца дадому, бо сталінскія ўлады лічылі іх «ворагамі народу». Каля тысячы «андэрсаўцаў» пасьля Перамогі адважыліся вярнуцца ў родныя мясьціны. Амаль усе яны былі арыштаваныя ў 1951 годзе й зноў адпраўленыя ў ГУЛАГ.
"Брытанская форма з надпісам POLAND для тысячаў палякаў, беларусаў, украінцаў, габрэяў стала сымбалем вызваленьня з ГУЛАГу".
Кніга «Адысея Палешука» на прыкладзе простага чалавека паказвае драму, якую перажылі сотні тысячаў звычайных беларусаў у часы таталітарных дыктатураў, кажа гісторык Ігар Мельнікаў.
Ігар Мельнікаў: Гэтая кніга дае сучасным беларусам магчымасьць зразумець, якія выпрабаваньні выпалі на долю звычайнага чалавека ў тыя часы. Прычым гэта ня толькі выпрабаваньне вайной і акупацыяй. Гэта выпрабаваньне арыштамі, дэпартацыямі й самой нялюдзкай бальшавіцкай сыстэмай. З другога боку, «Адысея палешука» дае магчымасьць чытачу зразумець сам фэномэн беларусаў у арміі Андэрса – адкуль яны ўзяліся, як яны апынуліся на Захадзе. Яшчэ адзін аспэкт гэтай кнігі – яна паказвае як звычайны мірны чалавек становіцца сапраўдным жаўнерам. Гэта тое, што мяне ўразіла ва ўспамінах Паўла Нічыпарука.
Жаўнераў, якія вызвалялі Эўропу ў шэрагах Польскіх узброеных сілаў на Захадзе, у СССР не лічылі вэтэранамі вайны. У іх адабралі ўзнагароды й дакумэнты, пра іх ня ўзгадвалі ў падручніках гісторыі. Ігар Мельнікаў вырашыў выправіць гэтую несправядлівасьць і вярнуць імёны беларускіх герояў іх нашчадкам.
Ігар Мельнікаў: Савецкіх вэтэранаў памяталі. Пра іх пісалі, здымалі кіно, запрашалі ў школы. А пра гэтых вэтэранаў, якія таксама беларусы, паходзяць зь беларускай зямлі – забыліся. Яны ўжо адышлі, іх няма ў жывых, пра іх памятаюць толькі ў сем’ях. Мне хацелася б, каб на аднолькавым узроўні ўшаноўвалі абсалютна пра ўсіх жаўнераў, якія змагаліся з нацызмам. Гэта не супярэчыць нават дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэтыя жаўнеры мелі ўзнагароды, іх памятаюць ва ўсім сьвеце. У Польшчы, Італіі, Вялікабрытаніі адзначаюць гераізм беларусаў а самі беларусы пра іх ня памятаюць. Гэтую гістарычную несправядлівасьць я хачу ліквідаваць.
Ігар Мельнікаў вельмі ўсьцешаны тым, што яго дасьледаваньні знаходзяць водгук у беларускім грамадзтве. На прэзэнтацыі кніг «Забытыя героі» і «Адысея палешука» ў Менску прыходзяць сотні чалавек.
Працамі Ігара Мельнікава цікавяцца і ў Польшчы. Кнігі беларускага гісторыка ня толькі дапамагаюць польскім калегам зьвярнуць увагу на недасьледаваныя аспэкты польскай гісторыі. Яны дапамагаюць будаваць сувязі паміж народамі – кажа супрацоўнік Музэя Войска Польскага Сэбасьцян Варлікоўскі.
Сэбасьцян Варлікоўскі: Прэзэнтацыя кнігі – гэта першы прыклад нашага супрацоўніцтва. Мы спадзяемся, што такіх прыкладаў будзе больш. Кніга спадара Мельнікава паказвае, як палякі, беларусы, прадстаўнікі іншых народаў разам змагаліся за свабоду й незалежнасьць – фундамэнтальна важныя каштоўнасьці. Я думаю, гэтая кніга важная і для гістарычннай сьвядомасьці саміх беларусаў. Я веру, што праца Ігара Мельнікава будзе мець водгук ня толькі ў Беларусі ці Польшчы, але й далей за мяжой.
Апошні беларускі «андэрсавец» Якуб Конан адышоў 2012 годзе ва ўзросьце 99 гадў. Але сёньня ў Беларусі жывуць тысячы нашчадкаў беларусаў, якія вызвалялі Заходнюю Эўропу ў шэрагах польскіх вайсковых фармаваньняў. Большасьць зь іх пра сваіх гераічных прадзедаў ня ведае амаль нічога.
Дзе знайсьці інфармацыю? Можна зьвярнуцца ў польскі Цэнтральны ваенны архіў. Аднак першым крокам павінны быць зварот у амбасаду Польшчы ці Вялікабрытаніі – раіць Ігар Мельнікаў. Брытанскія архівы захоўваюць падрабязныя зьвесткі пра кожнага жаўнера Польскіх узброеных сілаў на Захадзе.
«Варта зьвяртацца, пісаць. Амбасада Вялікабрытаніі, як і амбасада Польшчы ў Менску, адкрытыя да супрацоўніцтва. Карыстайцеся магчымасьцямі, якія адкрывае сёньняшні час», – падбадзёрвае гісторык.
Аляксандар Папко