Logo Polskiego Radia
Print

Соль - "белае золата" сярэднявечнай Польшчы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.05.2017 12:30
  • SOL.mp3
Стратэгічным таварам сярэднявечнай Эўропы была соль, а Польшча была яе важнейшым вытворцам і экспартэрам.
Солездабыча на дацкім востраве ЛесёСолездабыча на дацкім востраве Лесёcommons.wikimedia.org/Tomasz Sienicki/CC BY-SA 3.0

Адным з важнейшых стратэгічных тавараў сярэднявечнай Эўропы была соль, а Польшча займала значную пазыцыю як яе вытворца й экспартэр. Гісторыкі кажуць, што соль была “белым золатам” тагачаснай Польшчы.

Здабыча солі было адной з важнейшых галінаў эканомікі сярэднявечнай Польшчы. 21 красавіка 1368 году Казімір Вялікі падпісаў Саляны Статут, які рэгуляваў вытворчасьць і продаж солі. На моцы якога ўсе саляныя шахты сталі каралеўскімі прадпрыемствамі, якімі кіравалі прадстаўнікі манарха.

Музэй
Музэй солездабычы на дацкім востраве Лесё/commons.wikimedia.org/Tomasz Sienicki/CC BY-SA 3.0

У тыя часы больш за 30% даходу ў каралеўскую казну прыносілі менавіта здабыча й продаж солі, у тым ліку экспарт. Дарэчы, у статуце Казіміра гаварылася таксама пра сярэднявечных гарнякоў: кароль браў іх пад сваю апеку й гарантаваў у выпадку сьмерці гарняка выплату яго сям’і свайго роду пэнсіі. Пра гісторыю здабычы солі ў сярэднявечнай Польшчы распавядае гісторык, прафэсар Гжэгаж Мысьліўскі.

Гжэгаж Мысьліўскі: Соль была адным з важнейшых тавараў у Сярэднявеччы. У стравы яна дадавалася ня толькі для смаку: соль адыгрывала вялікую ролю пры кансэрвацыі рыбы й мяса. Вядома, што тады не былі вядомыя мэтады захоўваньня прадуктаў, а некаторыя ўдавалася закансэрваваць менавіта пры дапамозе солі. Такім чынам, гандаль сольлю меў міжнароднае значэньне.

Гэта не азначае, што ўсім падабалася салёная рыба. Летапісец, між іншым, піша пра “сьмярдзючую салёную рыбу”. Нягледзячы на такое меркаваньне, соль была вельмі патрэбная, бо дзякуючы ёй можна было прадуктамі запасацца.

І ня толькі ў Польшчы: як я казаў, гандаль сольлю быў у тыя часы стратэгічнай, скажам так, галіной.

У Польшчы ўжо ў 11-м стагодзьдзі былі вядомыя два вялікія радовішчы солі: у рэгіёне Куявы на поўначы краіны й на поўдні, каля Кракава. Гэта быў водны раствор солі, пазьней ваду трэба было выпарыць. Так рабілі ў Вялічцы й Бохніі. У часы панаваньня Баляслава V Сарамлівага адкрыты былі радовішчы каменнай солі. І ў 1255 годзе ў Бохніі была адкрытая шахта каменнай солі. Вядомая ва ўсёй Эўропе шахта ў Вялічцы была адкрытая пазьней – 1290 году.

Дарэчы, князь Баляслаў V Сарамлівы правёў радыкальную рэформу солездабычы ў Бохніі й Вялічцы. Па-першае, шахты перайшлі ва ўласнасьць княжацкай казны. Ён разумеў, што соль – гэта вялікія даходы, і паступова браў пад свой кантроль шахты, якія знаходзіліся ва ўладаньні касьцёла альбо сьвецкіх багацеяў. Праўда, кляштары й касьцёлы не былі поўнасьцю пазбаўленыя даходаў са здабычы солі: ім ён пакінуў пэўны працэнт ад бізнэсу – кажучы сучаснай мовай.

Саляная
Саляная шахта ў Вялічцы: рэканструкцыя старадаўняга мэтаду здабычы/commons.wikimedia.org/Rj1979/public domain

Па-другое, дзякуючы яго захадам пачаўся экспарт солі ў паўночную Вугоршчыну, у Сілезію й Маравію.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт