Logo Polskiego Radia
Print

Справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў»: новыя арышты

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.03.2017 15:20
  • Справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» новыя арышты.mp3
Новым фігурантам палітычнага працэсу стаў гісторык з Бабруйску, а дзьвюм асобам ужо прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачаньні.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain/CC0

Арышты па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» працягваюцца. Новым фігурантам справы стаў 29-гадовы жыхар Бабруйска, гісторык паводле адукацыі. Тым часам некалькім арыштаваным ужо прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачаньні, а трое былі вызваленыя са сьледчага ізалятару. Падрабязнасьці працэсу высьвятляў Аляксандар Папко.

Усьлед за супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музэю Аляксандрам Зімніцкім улады арыштавалі 29-гадовага ўраджэнца Бабруйску, таксама гісторыка паводле адукацыі, які працаваў у лягістычнай фірме. Пра затрыманьне паведаміў яго калега па ўнівэрсытэце Аляксей (імя зьмененае). Новы фігурант палітычнай справы «Белага легіёну» й «Маладога фронту» быў затрыманы ўвечары 29 сакавіка. Маці арыштаванага просіць пакуль не разгалошваць яго імя – кажа знаёмы затрыманага.

Аляксей: Гэта хлопец з Бабруйску. Яму 29 гадоў, вучыўся на гістфаку БДУ, скончыў асьпірантуру. Ён вывучаў гісторыю ВКЛ Сярэдніх вякоў. Ён быў затрыманы ўвечары 29-га сакавіка альбо раніцай 30-га. У яго дома быў праведзены ператрус. Знайшлі камуфляжную форму і мэталашукальнік. Гэта ўсё, што яны канфіскавалі.

Аляксей не сумняваецца, што яго знаёмы быў арыштаваны па справе «Белага легіёну», бо хлопец ведаў фігурантаў працэсу і пра пагрозу затрыманьня казаў сам.

Аляксей: Ён сам казаў, што могуць затрымаць. Ён знаёмы быў з некаторымі з затрыманых. Ён быў аднагрупнікам Яўгена Палтаржыцкага, наколькі я ведаю, ён быў знаёмы з Сяргеем Громавым і Віктарам Данілавым.

Сям’і патлумачылі, што пакуль затрыманы праходзіць як сьведка. «Аднак сьведкаў не адпраўляюць пад арышт і ператрусаў у іх не праводзяць», – зазначыў Аляксей.

Блізкім затрыманых, альбо людзям, якія патрапілі пад рэпрэсіўную машыну, спэцслужбы часта кажуць не зьвяртацца ў СМІ. Замоўчваць факт затрыманьня – гэта нармальная рэакцыя людзей, якія спадзяюцца, што іх блізкія пацярпелі памылкова й будуць хутка вызваленыя – кажа супрацоўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацьцяна Равяка. Аднак у большасьці выпадкаў як раз галоснасьць зьяўляецца найважнейшым сродкам дапамогі.

Тацьцяна Равяка: Гэта нармальная чалавечая рэакцыя людзей, якія вераць у тое, што адбылася недарэчнасьць, памылка, якая ў бліжэйшы дзень-два будзе выпраўленая а іх блізкі чалавек вернецца дадому, і ўсё гэта забудзецца, як страшны сон. Мой прафэсійны досьвед паказвае, што трэба абараняць, гаварыць, бо галоснасьць – гэта адзін з галоўных інструмэнтаў абароны. Аднак людзі могуць лічыць па-іншаму. Мы павінныя паважаць іх рашэньні адносна блізкіх.

31 сакавіка мінае 10-дзённы тэрмін, пасьля якога першым арыштаваным па справе «Белага легіёну» й «Маладога фронту» павінныя альбо прадʼявіць афіцыйныя абвінавачаньні, альбо вызваліць іх з-пад арышту.

Пакуль вядома, што абвінавачаньні прад’яўленыя 4 асобам: Яўгену Палтаржыцкаму, Аляксею Абрамаву, актывісту «Маладога Фронту» Сяргею Стрыбульскаму, і студэнту БНТУ Івану Кавальчуку. Іх абвінавачваюць у «падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» паводле часткі 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Пра гэта кажа былая жонка аднаго з арыштаваных Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская.

Ніна Шыдлоўская: Прад’яўлены абвінавачаньні Аляксею Абрамаву, Сяргею Стрыбульскаму, Яўгену Палтаржыцкаму і Івану Кавальчуку. Усім – па артыкуле 293 частка 3.

Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле – тры гады пазбаўленьня волі.

Абвінавачаньня па незаконным захоўваньні зброі, пра якую казала беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне, ім не прад’яўлена – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Наста Лойка: Па тэлебачаньні паказвалі нібыта зброю. І мы чакалі, што абвінавачваньне будзе ня толькі па артыкуле аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», але яшчэ й за захоўваньне зброі. З таго, што мы ведаем цяпер, іх абвінавачваюць толькі па артыкуле аб беспарадках.

Таксама стала вядома, што з-пад варты сёньня вызваленыя двое фігурантаў справы адзін зь іх – былы сябра «Белага легіёну» Сяргей Барсток. Імя другога вызваленага высьвятляецца. Яшчэ некалькі дзён таму з СІЗА быў вызвалены іншы фігурант працэсу – Сяргей Громаў.

Усяго па справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» арыштавана каля 30 чалавек. Некаторыя зь іх былі ўдзельнікамі даўно неіснуючай ваенізаванай спартовай арганізацыі «Белы легіён». Некаторыя – сябравалі зь імі й праводзіла заняткі ў моладзевым спартовым клюбе «Патрыёт», які больш за 10 гадоў легальна дзейнічаў у Бабруйску.

Акрамя гэтага, за кратамі апынуўся лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, а таксама людзі, якія праводзілі заняткі ў зьвязаным з МФ спартова-патрыятычным клюбе «Ваяр».

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 25 сакавіка паведамляла, што па «падазрэньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў» затрыманыя яшчэ 5 анархістаў. Іх імёны праваабаронцам невядомыя. Дапамогу сем’ям арыштаваных аказвае суполка BY_Help у сацыяльнай сетцы Facebook.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт