Турцыя прыпыніла дыпляматычныя адносіны зь Нідэрляндамі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.03.2017 12:07
У сваю чаргу Нідэрлянды заклікалі сваіх падданых, якія знаходзяцца ў Турцыі, быць асьцярожнымі.
Пратэст перад консульствам Нідэрляндаў у СтамбулеPAP/EPA/TOLGA BOZOGLU
Турцыя вымушана прыпыніць дыпляматычныя адносіны зь Нідэрляндамі на фоне дыпляматычнага канфлікту, паведаміў турэцкі віцэ-прэмʼер Нумана Куртулмуша. Ён таксама заявіў аб магчымасьці перагляду пагадненьня з Эўразьвязам аб міграцыі.
У сваю чаргу ўлады Нідэрляндаў заклікалі сваіх падданых, якія знаходзяцца ў Турцыі, праяўляць асьцярожнасьць у сувязі з ускладненьнем адносін паміж дзьвюма краінамі.
Раней Турцыя накіравала Нідэрляндам дзьве ноты пратэсту ў сувязі з абмежаваньнямі ў дачыненьні да турэцкіх міністраў, а таксама непрапарцыйным ужываньнем сілы ў дачыненьні да прадстаўнікоў турэцкай дыяспары.
Як паведамлялася, канфлікт паміж Турцыяй і Нідэрляндамі ўзьнік у сувязі з забаронай удзелу прадстаўнікоў Анкары ў мітынгах у Ратэрдаме ў рамках кампаніі перад турэцкім канстытуцыйным рэфэрэндумам.
Двое турэцкіх міністраў павінны былі ў суботу прыняць удзел у сустрэчы перад красавіцкім рэфэрэндумам з туркамі, якія жывуць у Галяндыі. Падчас рэфэрэндуму будзе вырашацца зьмена дзяржаўнай сыстэмы з парлямэнцка-міністэрскай на прэзыдэнцкую.
Галяндзкія ўлады, спасылаючыся на пытаньні грамадзкага парадку й бясьпекі, не далі згоды на прызямленьне самалёту з турэцкім кіраўніком дыпляматыі. У сваю чаргу міністар па справах сям’і й сацыяльнай палітыкі не была ўпушчаная ў турэцкае консульства. У суправаджэньні галяндзкай паліцыі яе выслалі на нямецкую мяжу.
Эўразьвяз, Нямеччына й некаторыя іншыя эўрапейскія краіны ў канфлікце сталі на бок Нідэрляндаў.
вс