Logo Polskiego Radia
Print

«Эўразійскі зьвяз можа спасьцігнуць лёс СНД і Саюзнай дзяржавы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.02.2017 13:10
  • Эўразійскі зьвяз можа спасьцігнуць лёс СНД і Саюзнай дзяржавы.mp3
Патэнцыял гэтага праекту ўжо вычарпаны, далей мы будзем назіраць яго стагнацыю й згасаньне – заявілі экспэрты з Расеі й Польшчы.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Эўразійскі эканамічны зьвяз, які некалі лічыўся прыярытэтным праектам Расеі, можа спасьцігнуць сумны лёс СНД і Саюзнай дзяржавы. Інтэграцыйнае ўтварэньне вычарпала свой патэнцыял і рызыкуе ціха адысьці ў нябыт. Такую думку падчас дыскусіі ў Варшаве агучылі экспэрты з Польшчы й Расеі. На сустрэчы «Эўразійскі зьвяз – брак па разьліку ці міраж?» (Unia Euroazjatycka: mariaż czy miraż?), арганізаванай Цэнтрам польска-расейскага дыялёгу й згоды, пабываў Аляксандар Папко.

Праект эўразійскай інтэграцыі 10 гадоў таму быў прыярытэтам расейскай зьнешняй палітыкі. Мытны зьвяз, Адзіная эканамічная прастора, а затым і Эўразійскі эканамічны зьвяз ствараліся з трыма мэтамі: запэўніць Расеі значнае месца на міжнароднай арэне як лідару аднаго з найбуйнейшых эканамічных аб’яднаньняў, прадухіліць інтэграцыю Ўкраіны, Беларусі й Малдовы з Эўрапейскім зьвязам, а таксама стрымаць эканамічныя й палітычныя ўплывы Кітая ў Цэнтральнай Азіі.

Расея наўрад ці хацела стварыць новы СССР, але напэўна хацела прадухіліць сыход постсавецкіх краінаў на Захад – кажа аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр.

/

Анна Дынэр: Першапачаткова адной з галоўных мэтаў гэтага праекту было заблякаваць магчымую інтэграцыю Беларусі, Украіны й Малдовы з Эўрапейскім зьвязам. Праект Эўразійскага эканамічнага зьвязу зьявіўся ў той самы час, калі Эўропа фармавала сваю палітыку добрасуседзтва й стварала Ўсходняе партнэрства. У Цэнтральнай Азіі ў гэты час усё больш выразнай станавілася эканамічная экспансія Кітаю. Расея хацела вырашыць гэтыя праблемы адначасова. Яна таксама спадзявалася, што Эўразійскі зьвяз дасьць імпульс новай эканамічнай інтэграцыі постсавецкай прасторы. Але гэты імпульс аказаўся вельмі кароткачасовым. Цяпер гэтая структура не дае новых карысьцяў краінам-удзельніцам.

Празь 10 гадоў пасьля свайго нараджэньня інтэграцыйны праект перажывае крызыс. Гандлёвы зварот паміж краінамі-ўдзельніцамі падае. Адзіны рынак так і ня быў створаны. Мясныя, малочныя й нафтагазавыя войны паміж Расеяй і Беларусьсю зьяўляюцца штодзённасьцю, краіны Эўразійскага эканамічнага зьвязу не каардынуюць сваёй гандлёвай ды эканамічнай палітыкі. Яскравым доказам гэтаму зьяўляецца аднабаковае ўвядзеньне Расеяй эмбарга на імпарт прадуктаў харчаваньня з Эўразьвязу. Наднацыянальныя ворганы, такія як Эўразійская эканамічная камісія й суд, зьяўляюцца непараўнальна слабейшымі за сваіх адпаведнікаў у Эўразьвязе.

Ад самага пачатку Эўразійскі Зьвяз быў поўны супярэчнасьцяў – тлумачыць няўдачы аб’яднаньня Анна Дынэр. Ён ствараўся аўтарытарнымі кіраўнікамі, якія не прывыклі падпарадкоўвацца праву. Краіны, якія ў яго ўваходзяць, моцна адрозьніваюцца памерамі й структурай эканомікі.

Анна Дынэр: Прыроджанымі хваробамі гэтага праекту былі непараўнальныя памеры эканомік краінаў-удзельніц і іх розная структура. Галоўнай краінай у гэтым аб’яднаньні зьяўляецца Расея, якая ад самага пачатку спрабавала сфармуляваць правілы пад сябе. Іншыя краіны не заўсёды маглі да іх дастасавацца. І вялікая вага Расеі ў гэтым аб’яднаньні прывяла да таго, што крызыс расейскай эканомікі выклікаў крызыс ва ўсім эўразійскім аб’яднаньні. Гэта галоўная прычына, з-за якой гэты праект не працуе. Канешне, ёсьць і палітычныя праблемы – такія, як адносіны Расеі з Эўрапейскім Зьвязам, «антысанкцыі», якія ствараюць вельмі істотныя эканамічныя праблемы для такіх краінаў, як Беларусь. Па гэтых прычынах Эўразійскі эканамічны зьвяз ня дзейнічае добра, і можна сказаць, што ўвогуле ня дзейнічае.

За ўзор дамоваў аб эўразійскай інтэграцыі былі ўзятыя дакумэнты Эўрапейскага Зьвязу. Аднак эўразійская інтэграцыя не падобная на эўрапейскую, і Эўразійскі эканамічны зьвяз – гэта не Эўразьвяз на раньнім этапе – тлумачыць прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага юрыдычнага ўнівэрсытэту імя Алега Кутафіна Паўль Калінічэнка. Дамовіцца спрабуюць ня лідары падобных па памерах эўрапейскіх краінаў, а посткамуністычныя эліты з краінаў, якія некалі былі часткай савецкай эканомікі. Праблемаў, зь якімі яны сутыкаюцца, Эўразьвяз ня ведаў – зазначае Паўль Калінічэнка.

/

Паўль Калінічэнка: Прыроджаныя дэфэкты ёсьць і ў Эўрапейскім Зьвязе, але яны іншыя. У інтэграцыі на постсавецкай прасторы ёсьць адзіны гулец-дамінант – гэта Расея. Іншага цэнтру, здольнага збалянсаваць інтэграцыйныя працэсы, проста няма. Краіны, якія атачаюць Расею – гэта бедныя дзяржавы. Пытаньне ў тым, наколькі рэцэпты Эўрапейскага Зьвязу адэкватныя для эўразійскай інтэграцыі. Можа, трэба выпрацаваць уласныя рэцэпты? Але практыка паказвае, што зрабіць гэта не атрымліваецца. Відавочна, для гэтага ёсьць перашкоды – у тым ліку, законы эканамічнага разьвіцьця. Па-ранейшаму назіраецца сытуацыя, калі былыя рэспублікі СССР зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Расеяй, але слаба зацікаўленыя ў супрацоўніцтве паміж сабой.

Які лёс чакае Эўразійскі эканамічны зьвяз? Пік праекту ўжо пройдзены і ў бліжэйшыя 5-7 гадоў будзе назірацца яго згасаньне – кажуць удзельнікі дыскусіі.

Анна Дынэр: Хутчэй за ўсё, гэтая структура будзе згасаць. Яна не дае прыбыткаў, на якія спадзяваліся краіны-ўдзельніцы. Расея, ствараючы гэты праект, перадусім спадзявалася прыцягнуць у яго Ўкраіну, але ёй гэтага не ўдалося. Ніхто ня ведае, што рабіць далей з Эўразійскім зьвязам. Магчыма, празь некалькі гадоў зьявіцца ідэя стварыць новае інтэграцыйнае аб’яднаньне на постсавецкай прасторы. Так ужо адбывалася неаднаразова: спачатку было СНД, затым ЭўрАзЭС, затым Эўразійскі эканамічны зьвяз... Таму я не выключаю, што ЭАЭЗ скончыць сваё жыцьцё, але празь некалькі гадоў зьявяцца новыя праекты такога тыпу.

Патэнцыял Эўразійскага эканамічнага зьвязу ўжо вычарпаны і ў будучыні яго можа спасьцігнуць лёс іншых структураў, якія існуюць на паперы – такіх як Саюзная дзяржава ці СНД – лічыць Паўль Калінічэнка.

«Мы некалі спрабавалі знайсьці нарматыўныя акты, якія прымае Саюзная дзяржава. Вы ведаеце, пра што яны? Пра прысваеньне ганаровых званьняў былому кіраўніцтву […]. Гэта сьведчыць, што патэнцыял гэтай арганізацыі вычарпаны, хоць пэўны эфэкт ад яе ёсьць. Тое самае можа стаць з Эўразійскім эканамічным зьвязам. Ёсьць Мытны кодэкс, ёсьць гарманізаваныя нормы тэхнічнага рэгуляваньня. Некаторыя эканамічныя задачы былі вырашаныя, але далей Эўразійскі зьвяз наўрад ці зможа прасунуцца», – падсумаваў расейскі экспэрт.

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт