Logo Polskiego Radia
Print

Дэмактывісты ўшанавалі памяць Міхаіла Жызьнеўскага

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.01.2017 10:26
Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца.
фота: БелаПАН

22 студзеня на могілках каля вёскі Знамя труда ў Гомельскім раёне актывісты апазыцыйных партый і грамадзкіх абʼяднаньняў і рухаў з Менска, Сьветлагорску, Бабруйска і Гомеля ўшанавалі памяць пахаванага тут беларуса Міхаіла Жызьнеўскага.

У ходзе жалобнай акцыі пад Гомелем бацька загінулага Міхаіл Жызьнеўскі адзначыў, што малады чалавек загінуў за свабоду ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі. Ён дадаў, што ўкраінцы – свабодалюбівы народ, і гэтым адрозьніваюцца ад беларусаў.

«А чаго ж захацелася ім – пагарджаным век, сьляпым, глухім? Людзьмі звацца! Вось за гэта змагаліся на Майдане. Так і сёньня хочацца сказаць, што мы ня быдла, як нас лічыць улада, а народ. А ў нас цяпер кожны начальнік цэха – маленькі дыктатар і князь. Больш траіх зьбірацца нельга, актывістаў і журналістаў зьбівала міліцыя, а простыя рабацягі батрачаць у тры зьмены за сто даляраў. Людзі ператварыліся ў рабоў, не разумеюць, хто вінаваты, і таму сварацца паміж сабой, хоць трэба абʼядноўвацца і змагацца за сваю годнасьць, як змагаліся ўкраінцы. А ў нас людзі страцілі сваю годнасьць», – заявіў Жызьнеўскі.

Сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Таўстая назвала добрымі тыя часы, калі героі не патрэбныя, і яны застаюцца як патэнцыял нацыі для супраціву.

«Бо нацыя, як і ўсякі арганізм, калі ён здольны супраціўляцца, жывы. Міхаіл стаў героем братняга народа Ўкраіны. У нас, на вялікі жаль, няма прасторы для герояў. Мы ў сваёй краіне жывем як у гета. Але я думаю, што наяўнасьць такіх герояў, такога патэнцыялу сьведчыць аб тым, што, калі надыдзе час, гэтыя людзі сябе праявяць», – лічыць Таўстая.

Адзін з лідэраў гомельскіх апазыцыянэраў Уладзімір Кацора адзначыў, што сёньня актывісты сабраліся на гэтым месцы, так як салідарныя з украінцамі, якія змагаліся за свабоду на Майдане, а цяпер змагаюцца з расейскай агрэсіяй і за эўрапейскі шлях разьвіцьця.

«У нас гэта наперадзе, і я ўпэўнены, што мы ў гэтай барацьбе за наш шлях у Эўропу, да свабоды яшчэ ня раз прыйдзем сюды і будзем памятаць нашага героя Жызьнеўскага», – падкрэсьліў Кацора.

Член украінскай арганізацыі УНА-УНСО гамяльчанін Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяньня з сілавікамі. 18 лістапада 2015 г. прадстаўнік Генпракуратуры Ўкраіны паведаміў, што Жызьнеўскага паразіла куля, якую выкарыстоўваюць у МУС для спыненьня транспартных сродкаў. 26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрылі помнік загінуламу. Бацькам беларуса Ніне і Міхаілу Жызьнеўскім быў уручаны ордэн Героя Нябеснай сотні. У мінулым годзе ўкраінскі ўрад прызначыў ім пажыцьцёвую стыпэндыю. У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ўсталяваны помнік беларусу. 22 студзеня прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ў Кіеве ўшанаваў памяць Героя Нябеснай сотні.

naviny.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт