У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі сабрана больш за 14 млн эўра
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
16.01.2017 11:17
Сярод лотаў былі гітара Міка Джагера, вячэра з футбалістам Робэртам Левандоўскім, прагулка зь міністрам аховы здароўя Канстанты Радзівілам.
Валянтэры падчас збору грошай на вуліцах ВаршавыPAP/Leszek Szymański
У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» сабрана 62 млн злотых (больш за 14 млн эўра).
Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасьля зімовых сьвятаў з 1993 года. Сёлета прайшла юбілейная, 25-я акцыя.
120 тыс. валянтэраў, сярод якіх шмат моладзі й школьнікаў, на вуліцах гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадзкіх месцах зьбіралі грошы. Кожны жадаючы мог кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымаць налепку – чырвонае сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку. Сёлета акцыя прайшла ў Польшчы ды 17-і краінах сьвету.
Грошы зьбіраліся ня толькі на вуліцах, але й на аўкцыёнах. Сярод лотаў, у прыватнасьці, былі гітара Міка Джагера, вячэра зь вядомым футбалістам Робэртам Левандоўскім, прагулка зь міністрам аховы здароўя Канстанты Радзівілам, рэчы й прадметы вядомых музыкантаў, артыстаў, журналістаў і інш.
Сёлета сабраныя сродкі будуць выдаткаваныя на закуп мэдыцынскага абсталяваньня для дзіцячых і герыятрычных аддзяленьняў бальніц.
За 25 гадоў існаваньня акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» было куплена больш за 30 тыс. адзінак мэдыцынскай тэхнікі й абсталяваньня на суму прыкладна ў 170 млн. эўра. Гэтая апаратура працуе ў 600 бальніцах і клініках Польшчы.
Сёлета ўпершыню за 25 гадоў ад супрацы з арганізатарамі адмовілася дзяржаўнае Польскае тэлебачаньне, падпарадкаванае кіруючай кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць». Інфармацыйную падтрымку акцыі забясьпечваў буйнейшы польскі камэрцыйны тэлеканцэрн TVN. Многія прадстаўнікі правых сіл і каталіцкага касьцёла лічаць дабрачынную акцыю «лявацкай».
вс